БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Малдовы патлумачыў распараджэнне зняць сцяг ЕС са сваёй рэзідэнцыі

27.12.2016 / 8:7

Nashaniva.com

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў, што на будынку рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы надалей будзе вісець толькі сцяг краіны. Пра гэта ён сказаў 26 снежня ў эфіры тэлеканала Pro TV.

Ігар Дадон. Фота Reuters

«Заканадаўства рэспублікі Малдова не прадугледжвае, што на дзяржаўных установах павінны лунаць іншыя сцягі. У будучыні ў абавязковым парадку гэта будзе толькі сцяг краіны», — падкрэсліў малдаўскі лідар.

Разам з тым ён адзначыў, што не мае нічога супраць Еўразвяза. «Мы будзем працягваць з ім партнёрскія адносіны, яны застануцца добрымі надалей і будуць развівацца», — запэўніў Дадон.

Акрамя таго, ён патлумачыў, чаму сайт прэзідэнта цяпер на малдаўскай мове, а не на румынскай, як гэта было да яго ўступлення на пасаду. «Прэзідэнт павінен выконваць законы і Канстытуцыю, у якой выразна сказана, што дзяржаўнай мовай рэспублікі Малдова з'яўляецца малдаўская. Я паважаю асноўны закон, і так будзе на працягу ўсяго дзеяння майго мандата», — паабяцаў Дадон.

Ён таксама раскрытыкаваў нядаўняе рашэнне Канстытуцыйнага суда (КС) прызнаць прыярытэтнай Дэкларацыю аб незалежнасці, у якой дзяржаўнай мовай названая румынская. Па словах прэзідэнта Малдовы, Канстытуцыя мае прыярытэт перад іншымі дакументамі, а з рашэннем КС «яшчэ трэба будзе разабрацца».

26 снежня з будынку рэзідэнцыі прэзідэнта Малдовы знялі сцяг Еўрасаюза. Пазней група дэпутатаў ад Ліберальнай партыі паспрабавала вярнуць сімвал ЕС на будынак, назваўшы яго зняцце антыканстытуцыйным і незаконным, а таксама заявіўшы, што гэта можа прывесці да ахаладжэння адносін Кішынёва і Брусэля.

Прэзідэнцкія выбары ў Малдове прайшлі ў два туры, 30 кастрычніка і 13 лістапада, перамогу атрымаў Ігар Дадон. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён не раз крытыкаваў узяты ўрадам рэспублікі курс на шчыльную інтэграцыю з ЕС.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула