БЕЛ Ł РУС

Хадановіч пераспяваў па-беларуску Let It Snow

27.12.2016 / 09:49

Nashaniva.com

Беларускі варыянт вядомай песні Андрэй Хадановіч выклаў у фэйсбуку. Улічыце, што гэта не пераклад песні, а верш па яе матывах. Там і прыпеву бракуе, і беларускія рэаліі.

Фота wallperz.com

Let It Snow

У надвор’я дзень ня склаўся —
Плача дождж па Санта-Клаўсе,
Каб для нас калядным шоў
Сьнег ішоў, сьнег ішоў, сьнег ішоў.

Мікалай па вечнай слоце
Крочыць на аўтапілоце,
Бо і сам забыўся, дзе
Сьнег ідзе, сьнег ідзе, сьнег ідзе.

Дзед-Марозаў твар памяты —
Ён штогод нам ладзіць сьвяты.
Хай бы з рук яго, як мех,
Выпаў сьнег, выпаў сьнег, выпаў сьнег.

Памажы завеяй, Зюзя,
Дзеткі б ехалі на пузе,
А наўкол іх віражоў
Сьнег ішоў, сьнег ішоў, сьнег ішоў.

Хай далёкае замежжа
Нам сьпяе tombe la neige,
А брытанец скажа зноў
Let it snow, let it snow, let it snow.

Каб увечары і зранку
На Чыжоўку, Серабранку,
На цьвярозых, алкашоў
Сьнег ішоў, сьнег ішоў, сьнег ішоў.

Хто ня цешыцца Калядам,
Тых намочыць лівень з градам,
А прыстойнай грамадзе —
Сьнег ідзе, сьнег ідзе, сьнег ідзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула