БЕЛ Ł РУС

У Мінску міліцыя затрымала журналіста Грамадскага тэлебачання Данбаса і запатрабавала пакінуць Беларусь

1.02.2017 / 08:50

Інцыдэнт адбыўся ў гатэлі, дзе спынілася здымачная група незалежнага ўкраінскага тэлеканала, які вяшчае на Данбас. Ад Віталя Сізова запатрабавалі пакінуць тэрыторыю Беларусі з-за расійскіх спісаў непажаданых асоб.

Карэспандэнт тэлеканала Віталь Сізоў прыехаў у Мінск, каб зрабіць рэпартаж пра пасяджэнне Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе, якое пройдзе сёння ў Мінску. У Віталя Сізова ёсць акрэдытацыя МЗС Беларусі, журналісты гэтага тэлеканала не адзін раз бывалі ў Мінску.

А 02.45 па мінскім часе ў нумар гатэля, дзе спынілася здымачная група Грамадскага тэлебачаньня Данбасу, увайшлі беларускія міліцыянты і сілай забралі Сізова ў РУУС Цэнтральнага раёна. Прычына затрымання — нібыта знаходжанне Віталя ў расійскіх спісах асоб, якім забаронены ўезд.

Як паведаміў прадстаўнік Грамадскага тэлебачання Данбаса Аляксей Мацука, Віталя Сізова вызвалілі каля 7-й гадзіны раніцы.

«Тут мне распавялі, што Расійская Федэрацыя забараніла мне ўезд на яе тэрыторыю да 2021 года. Беларусь і Расія з'яўляюцца саюзнай дзяржавай, таму забарона на ўезд распаўсюджваецца і на Беларусь. У райаддзеле мне некалькі разоў паўтарылі, што забарона на ўезд — ініцыятыва Расіі, да якой Беларусь не мае дачынення, таму даведацца прычыны забароны я не змог. Мне рэкамэндавалі пакінуць Беларусь цягам 24 гадзін, што я і так планаваў зрабіць. Дзякуй украінскаму консульству і амбасадзе за аператыўную рэакцыю і дапамогу. Са мной усё ў парадку», — паведаміў сам Віталь Сізоў пасля вызвалення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула