БЕЛ Ł РУС

Старшыня руху «За свабоду» патрабуе прыпыніць будаўніцтва ля Курапатаў

28.02.2017 / 14:55

Nashaniva.com

Рашэнне камісіі па будоўлі на ўчастку ля Курапатаў, які абараняюць актывісты, — незаконнае і павінна быць адмененае, сказана ў скарзе за подпісам старшыні руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, накіраванай у Міністэрства архітэктуры і Мінгарвыканкам, паведамляе прэс-служба руху.

У адміністрацыі Першамайскага раёну Мінска адбылося паседжанне камісіі па ўнясенні зменаў у план дэталёвага планавання, у тым ліку і на кавалку зямлі ля Курапатаў, які абараняюць актывісты. Гэтая камісія зацвердзіла план, такім чынам, фактычна дазволіўшы працяг будаўніцтва бізнес-цэнтра на спрэчным участку.

Па выніках грамадскіх слуханняў праекта дэталёвага планавання у кастрычніку-лістападзе 2016 года дакумент быў накіраваны на дапрацоўку, нагадаў у скарзе Юрый Губарэвіч.

У скарзе ён прыводзіць вытрымку з адказу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, дзе намеснік міністра Семянкевіч сцвяржае: «калі пратаколам грамадскага абмеркавання устаноўленая неабходнасць дапрацоўкі праекта… праект адпраўляецца на дапрацоўку, пасля якой паўторна праходзіць поўную працэдуру грамадскага абмеркавання».

«27 лютага ў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска адбылося пасяджэнне камісіі ў ранейшым складзе, на якім было разгледжаны адкарэктаваны праект і дадзеныя станоўчыя рэкамендацыі па яго зацвярджэнні. Грамадскае абмеркаванне гэтага праекта не праводзілася», — адзначана ў скарзе Губарэвіча.

Ён патрабуе лічыць вынікі паседжання несапраўднымі, правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне, прыпыніць будаўніцтва на ўчастку ля Курапатаў да атрымання вынікаў гэтага абмеркавання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула