БЕЛ Ł РУС

Вольскі: Скончылася шоу, але мы выстаім і вернем краіну

27.03.2017 / 14:40

Пад уражаньнем ад падзеяў 25 і 26 сакавіка Лявон Вольскі прэзэнтуе на Tuzin.fm відэа на песьню «Скончылася шоў», куды ўвайшлі кадры з гвалтоўнага разгону мірнага мітынгу на Дзень Волі ў Менску.

Песьня «Скончылася шоу» запісаная год таму, калі ў Беларусі загаварылі пра лібэралізацыю і адлігу. Яна ўвайшла ў альбом «Псыхасаматыка». На жаль, яна сапраўды аказалася прароцкай пасьля сакавіцкіх падзеяў у Беларусі. Улады ўжылі жорсткія рэпрэсіі ў дачыненьні да ўдзельнікаў сацыяльных акцый у Курапатах і супраць дэкрэту №3, а таксама да журналістаў і назіральнікаў, у тым ліку замежных (у сьпісе праваабаронцаў 383 затрыманыя).

«Скончылася шоў «дэмакратызацыі». А шмат хто паверыў у новае «вольнае» жыцьцё, неабмежаваныя канцэрты на радзіме і паразумнелую ўладу. І дарэмна. Скончылася шоў», — зазначыў Лявон у камэнтары для Tuzin.fm з нагоды прэм’еры роліка.

Музыка зазначае, што падчас гвалтоўнага разгону мірнага шэсьця, людзі не выглядалі на напалоханых ці зьбянтэжаных: «Людзі выглядалі на жаўнераў у баі. Вось — мы, людзі, жыхары гэтага гораду, гэтае краіны, а вось — яны, тыя, хто не дае нам напоўніцу жыць у гэтым горадзе, у гэтай краіне. І мы, людзі, мусім выстаяць. І вярнуць сабе гэты горад, гэтую краіну. І мы выстаім. І вернем».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула