Сенатары ЗША заклікалі Лукашэнку вызваліць затрыманых пратэстоўцаў
Група сэнатараў ЗША, якія прадстаўляюць абедзьве вядучыя партыі, накіравалі ліст кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. У гэтым звароце сэнатары выказваюць «сур’ёзную заклапочанасьць» з прычыны задушэньня супраціву грамадзян, якія пратэставалі супраць спрэчнага падатку на беспрацоўных, і заклікаюць неадкладна вызваліць затрыманых.
«Мы па-ранейшаму занепакоеныя патокам палітычна матываваных затрыманьняў і перасьледам мірных дэманстрантаў, сяброў апазыцыйных партыяў, журналістаў, праваабаронцаў дыі іншых актывістаў грамадзянскай супольнасьці», — гаворыцца ў тэксьце дакумэнту.
У лісьце, апублікаваным 5 красавіка, сэнатары выказваюць занепакоенасьць наконт пляну выкарыстаньня Расеяй беларускай тэрыторыі для «правакацыйных вайсковых гульняў». Масква плянуе правесьці сумесныя зь Беларусьсю вайсковыя манэўры пад назвай «Захад» у верасьні гэтага году.
Ліст падпісалі дэмакраты Рычард Дурбін і Джын Шахін і рэспубліканцы Марка Рубіё і Джон Маккейн.
Шмат беларусаў пратэставалі супраць падатку, уведзенага ўрадам Лукашэнкі на беспрацоўных. Гэта прывяло да масавых арыштаў дзясяткаў дэманстрантаў і актывістаў 25 сакавіка і сэрыі адзіночных арыштаў на працягу некалькіх тыдняў перад гэтай датай.