БЕЛ Ł РУС

SpaceX дашле ў космас больш за 4 тысячы спадарожнікаў, каб раздаваць інтэрнэт

5.05.2017 / 09:18

Максім Маханькоў

Кампанія Ілана Маска плануе пачаць запуск спадарожнікаў на арбіту ў 2019 годзе, каб забяспечыць Зямлю хуткасным інтэрнэтам, паведамляе CNBC.

Пра планы SpaceX па запуску інтэрнэт-спадарожнікаў стала вядома летась у лістападзе, а зараз кампанія Ілана Маска паведаміла пра канкрэтныя даты. Першыя тэсты пачнуцца ўжо сёлета — SpaceX запусціць прататып спадарожніка да канца 2017 года. У першыя месяцы 2018 года кампанія запусціць яшчэ некалькі прататыпаў, а ў 2019 годзе SpaceX пачне запуск канчатковай версіі спадарожнікаў. Плануецца, што з 2019 па 2024 год будзе даслана 4425 спадарожнікаў.

Кампанія Ілана Маска распрацавала тэхналогію, якая дазваляе ракетам узлятаць, дасылаць грузы і прызямляцца для паўторнага выкарыстання. Сёлета ў красавіку SpaceX упершыню адправіў у космас ракету Falcon 9, якая раней была ва ўжытку, і даслаў з яе дапамогай на арбіту спадарожнік сувязі. Прыватная касмічная кампанія плануе, што спадарожнікі для раздачы інтэрнэту будуць дасылацца на арбіту з дапамогай такіх шматразовых ракет, што значна скароціць выдаткі. Чакаецца, што 4425 спадарожнікаў будуць знаходзіцца на вышыні ад 1110 да 1325 кіламетраў.

У першую чаргу сістэма спадарожнікаў будзе карысная для жыхароў аддаленых і маланаселеных раёнаў, дзе традыцыйныя лініі сувязі дарагія. Праўда, для функцыянавання такой сістэмы патрабуецца і пэўная інфраструктура на паверхні Зямлі, каб размяркоўваць рэсурсы сістэмы ў рэальным часе і зменшыць перашкоды.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула