Польшча пачынае пастаўкі газу з ЗША
У пачатку чэрвеня газавы тэрмінал у Свінауйсце прыме партыю звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з ЗША. Пра гэта 16 мая паведаміў віцэ-старшыня праўлення Польскай нафтавай і газавай кампаніі Мацей Возняк на канферэнцыі Gazterm 2017. Кампанія падпісала дамову з амерыканскім канцэрнам Cheniere Energy.
На гэты момант дзейнічае дамова на пастаўку ў Польшчу газу з Катара, што не выключае магчымасці заключаць кантракты з іншымі пастаўшчыкамі.
Мацей Возняк адзначыў, што пастаўкі газу з ЗША стануць чарговым крокам на шляху зніжэння залежнасці ад паставак расійскага газу: «Мы дыверсіфікуем пастаўкі звадкаванага прыроднага газу. Мы будзем атрымліваць і газ з Катара, у нас заключаны кантракт на 20 гадоў, і газ ЗША, пакуль што аформлены аднаразовыя пастаўкі. Калі на рынку з'яўляюцца добрыя прапановы, мы іх спрабуем выкарыстаць. У гэтым галоўная вартасць тэрмінала ЗПГ — мы можам атрымаць газ з любой кропкі свету, з судна, якое прапануе нізкую цану».
«Мы заключылі дагавор пакуль што на адну пастаўку з ЗША. Магчыма, у будучыні мы падпішам некалькі аднаразовых кантрактаў такога роду. Таксама магчыма, што мы заключым сярэднетэрміновы дагавор, не на 20 гадоў, а напрыклад, на 3 гады», — дадаў віцэ-старшыня праўлення Польскай нафтавай і газавай кампаніі.