Юры Сьвірко на ўкраінскім блогу пра Грузію і Сурыкава
У суседнім блогу Алег Мядзьведзеў распавёў пра заяву расейскага амбасадара ў Менску Аляксандра Сурыкава.
Адзінае, чаго там не хапае, – гэта працягу цытаты. Амбасадар Сурыкаў нагадаў беларусам, што ў выпадку «зьяўленьня непрыемнасьцяў у Беларусі мы вашае гора заўжды падзяляем у міжнародных арганізацыях».
«А мы-то всегда разделяем ваше горе в международных организациях, в том числе, когда вводятся экономические санкции, когда международные организации по инициативе некоторых стран начинают обсуждать отсутствие прав человека в Беларуси. За этим всегда следуют громогласные заявления со стороны России», – заметил Суриков.
Вось як пракамэнтаваў гэта беларускі журналіст і блогер Аляксандар Класкоўскі:
«Калі цалкам адкінуць рэшткі дыпляматычнае мовы, то сэнс такі: мы ваша начальства выгароджвалі за парушэньні правоў чалавека, а вы, няўдзячныя, ня рвецеся зараз ухваляць нашу каўкаскую вайну! Дарэчы, Каўказам справа можа ня скончыцца.
Масква рэзка ўзмацніла ваяўнічую рыторыку ў дачыненьні да Кіева. Заўтра ад Беларусі могуць запатрабаваць, каб падтрымала прэтэнзіі на Севастопаль, на Крым.
Нас упарта ўцягваюць у маскоўскія «разборкі» з былымі «малодшымі сёстрамі». Дзякуй, але сваю постімпэрскую кашу сёрбайце, панове, самі!»
Я ж распавяду яшчэ пра аднаго расейскага амбасадара – у Тбілісі.
Завуць яго Вячаслаў Каваленка. Я зь ім асабіста знаёмы – з таго часу, як ён працаваў дарадцам-пасланьнікам (другой пасьля пасла асобай) у амбасадзе Расеі ў Менску. Я тады быў менскім карэспандэнтам Расейскага дзяржаўнага ТБ і радыё (1993-1997) – тады ці не найбольш вольнага СМІ ў сьвеце. І тады ж атрымоўваў крытыку з расейскай амбасады за свае сюжэты. Але ў ельцынскія часы гэтую крытыку можна было ігнараваць.
У тыя гады некаторыя расейскія дэмакраты казалі, што дэмакратызываць лукашэнкаўскую Беларусь можна толькі далучыўшы яе да Расеі. Маўляў, наша дэмакратыя пяройдзе да вас. А беларускія дэмакраты ім адказвалі: вы не разумееце, гэта Лукашэнка далучае Расею да Беларусі, нашая дыктатура пяройдзе да вас. Так яно й сталася.
Цяпер гісторыя паўтараецца: маленькая Паўднёвая Асеція далучыла да сябе вялізную Расею. Масква стала Нью-Цхінвалі.
Потым (у 2004-2006 гадах) спадар Каваленка быў дырэктарам 2-га дэпартамэнту краін СНД МЗС Расеі, які адказвае за Беларусь, Украіну й Малдову. Пра разьвіцьцё адносінаў Расеі з гэтымі трыма краінамі у 2004-2006 вы ведаеце. І ня трэба думаць, што ўкраінскую палітыку Расеі вызначае толькі Пуцін – з дапамогай Чарнамырдзіна.
Цікава, што пад вечар на сайце лукашэнкаўскага агенцтва БелТА зьявілася вось што:
Беларусь мае намер прыняць меры па паляпшэнню адносін з краінамі Еўрапейскага саюза і ЗША
12.08.2008 17:10
12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб сітуацыі на асноўных напрамках знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь 12 жніўня кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку далажыў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у прэс-службе Прэзідэнта, былі прадметна абмеркаваны існуючыя пытанні па галоўных вектарах знешнепалітычнай дзейнасці.
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што Беларусь імкнецца развіваць максімальна глыбокія, канструктыўныя і плённыя адносіны абсалютна з усімі сваімі стратэгічнымі партнёрамі, суседзямі, краінамі блізкага і далёкага замежжа.
У сувязі з гэтым было закранута пытанне аб неабходных мерах па паляпшэнню адносін з краінамі Еўрапейскага саюза і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні адносна таго, што павінна быць зроблена ў мэтах паляпшэння адносін з гэтай групай дзяржаў.-0-
Пра Расею й Грузію – ані слова.