БЕЛ Ł РУС

Качынскі на мітынгу ў Тбілісі: Мы спынім імпэрыю

13.08.2008 / 9:11

МБ

+ відэа

Лідэры Польшчы, Украіны, Літвы, Эстоні і Латвіі прыбылі ў Тбілісі, выступілі на масавым мітынгу. Прэзыдэнт Польшчы ў эмацыйнай прамове: Нашы суседзі паказалі свой твар, які нам сотні год вядомы. Яны лічаць, што народы вакол іх павінны ім падпарадкоўвацца. Мы тут, каб паказаць, у тым ліку і Эўрасаюзу, што з Цэнтральнай Эўропай, з Грузіяй, трэ будзе лічыцца, што мы суб’ект палітыкі.

Прэзыдэнты Качынскі, Юшчанка, Саакашвілі, Адамкус, Ільвэс і Годманіс на мітынгу ў Тбілісі.

На мітынг салідарнасьці ў Тбілісі сабраліся 150 тысяч чалавек.

«Мы тут — кіраўнікі пяці дзяржаваў: Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Мы тут, каб прыняць бой, — заявіў на масавым мітынгу ў Тбілісі прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі. — Сёньня — Грузія, а заўтра на яе месцы можа аказацца Ўкраіна, а пасьля і чарга Польшчы можа надысьці»,

У сваёй эмацыйнай прамове ён сказаў:

«Першы раз за доўгі час нашы суседзі паказалі свой твар, які нам сотні год вядомы. Гэтыя суседзі лічаць, што народы вакол іх павінны ім падпарадкоўвацца. Мы кажам «не».

Качынскі працягваў: «тая краіна лічыць, што даўнія часы імпэрыі вяртаюцца, што зноў панаваньне будзе рысай нашага рэгіёну. Ня будзе. Тыя часы скончыліся раз і назаўжды. Не на 20, 30 ці 50 гадоў, як некаторыя думаюць — назаўжды».

Качынскі нагадаў, што праз тое панаваньне прайшлі ўсе народы Ўсходняй Эўропы адначасова. І гэта было няшчасьце для народаў, заявіў ён.

Ён ахарактарызаваў дзеяньні Расеі як ламаньне людзкіх характараў, навязваньне чужынскага ладу, навязваньне сваёй мовы.

«Сёньня мы тут разам. Сёньня сьвет мусіў зрэагаваць, нават калі не хацеў тае рэакцыі. Мы тут, каб сьвет зрэагаваў яшчэ мацней — асабліва Эўрапейскі Саюз і NATO — заявіў лідэр Польшчы.

Ён прызнаў, што калі ініцыяваў прылёт кіраўнікоў краінаў рэгіёну ў Тбілісі «сёй-той думаў, што прэзыдэнты будуць баяцца. Ніхто не збаяўся, усе прыехалі, бо ў Цэнтральнай Эўропе сьмелыя лідэры.

Хацеў бы заявіць ня толькі вам тут, але і Эўрапейскаму Саюзу, што з Цэнтральнай Эўропай, з Грузіяй, з усім нашым рэгіёнам трэ будзе лічыцца, што мы суб’ект, а не аб’ект палітыкі».
На думку Качынскага, перакананьне, што прыналежнасьць да ЭС і NATO пакладзе канец расейскім апэтытам, гэта памылка. Але, заявіў ён, «мы здолеем таму процістаяць». «Калі эўрапейскія каштоўнасьці гэта не пустое слова, то цэлая Эўропа павінна тут быць сёньня», — сказаў ён. Ён нагадаў, што ў Тбілісі сёньня прысутнічае і прэзыдэнт Сарказі.

Выступ прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанкі быў больш стрыманым: «Дарагія грузінскія сябры, свабода вартая таго, каб за яе змагацца... Грузінская нацыя дастойная быць незалежнаю». «Вы ніколі ня будзеце адны, нас мільёны», — заявіў ён.

150-тысячны мітіынг у адказ скандаваў назвы краінаў і імёны прэзыдэнтаў.

Прадстаўнікі ўраду Польшчы, у тым ліку міністар замежных справаў, якія належаць да процілеглага з прэзыдэнтам палітычнага стану, асудзілі заявы Леха Качынскага як антырасейскія.

Лідэры Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоні і Латвіі прыбылі ў Тбілісі ў аўторак увечары. Яны ляцелі польскім урадавым самалётам праз Крым, дзе да іх далучыліся Юшчанка і жонка Саакашвілі, якая вярталася кружным шляхам на радзіму з Кітаю — самалёты ў Тбілісі ня лётаюць праз вайну. Прэзыдэнты зрабілі пасадку ў Гянджы (Азэрбайджан), бо пасадка ў Тбілісі не была бясьпечнаю. Тым часам малыя дзеці Міхэіла Саакашвілі выехалі на адпачынак у Крым.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула