Вырашана 40-гадовая загадка сігналу «Wow!» з космасу
Антоніа Пэрыс з Фларыдскага каледжа ў Сэнт-Пітэрсбергу зусім нядаўна выявіў тлумачэнне загадкаваму сігналу з космасу, які прыйшоў на Зямлю ў жніўні 1977 года і быў прыняты за паведамленне ад іншапланетных істотаў.
Паведамленне ўтрымлівала адну фразу: «Wow!» («Ого!»). Сігнал быў знойдзены астраномам Джэры Эйманам падчас працы на радыётэлескопе «Вялікае вуха» ва Універсітэце штата Агаё. Праслухоўванне радыёсігналаў праводзілася ў рамках праекта SETI, і на той момант тэлескоп быў накіраваны ў бок групы зорак Хі сузор'я Стральца. Скануючы неба, Эйман злавіў 72-секундны ўсплеск радыёхваляў. Правёўшы хуткі аналіз, ён падпісаў яго як «Wow!». Так сігнал атрымаў сваё імя.
Апошнія 40 гадоў сігнал «Wow!» разглядаўся ўфолагамі ў якасці прамога доказу таго, што мы не адзіныя ў Сусвеце. Эксперты і простыя людзі верылі, а некаторыя і шчыра радаваліся, што ў нас нарэшце з’явіліся доказы існавання пазаземнага жыцця.
Антоніа Пэрыс прыйшоў да вынікаў, што крыніцай гэтага сігналу з’яўляецца пара камет. Высновы навукоўца былі апублікаваныя выданнем Journal of the Washington Academy of Sciences.
Каметы, вядомыя пад імёнамі 266P / Крыстэнсена і 335P / Гібса, ствараюць вакол сябе гіганцкія (памерам некалькі мільёнаў кіламетраў) вадародныя аблокі. Сам 72-секундны сігнал «Wow!» быў выяўлены на частаце 1420 Мгц, што адпавядае радыёчастаце лініі выкідаў нейтральнага вадароду.
Хаця гэты сігнал і не ёсць сігналам іншаземных цывілізацый, што, верагодна, парушыць мары ўфолагаў, цяпер мы можам быць упэўненыя, што навукоўцы нашае планеты здольныя выяўляць сігналы з космасу і нават вызначаць іх крыніцы.