Bitcoin выклікаў дэфіцыт відэакарт у Расіі. Тлумачым, што здарылася
У Расіі ўзнік востры дэфіцыт відэакарт для персанальных камп’ютараў, паведамляе сайт «Ведомости». У Маскве яны амаль цалкам зніклі з продажу. Шматлікія пакупнікі набываюць па некалькі соцень відэакарт, хаця іх кошт ужо вырас амаль у 2 разы. Што насамрэч здарылася і як гэта звязана з крыптавалютамі?
Эксперты мяркуюць, што падобны ажыятаж узнік з-за майнераў — людзей, якія эмітуюць («майняць») на сваіх камп’ютарах крыптавалюты.
Майнінг — набор матэматычных аперацый на камп’ютары, які генеруе адзінкі крыптавалюты. Лепш за ўсё з майнінгам спраўляюцца менавіта працэсары відэакарт.
За апошнія некалькі месяцаў курс крыптавалют значна вырас, што выклікала павелічэнне колькасці майнераў у Расіі. Напрыклад, толькі за 3 месяцы курс крыптавалюты біткоін вырас на 200%, а крыптавалюта Etherium падаражэла ў 24 разы. Людзі пачалі актыўна цікавіцца генерацыяй крыптавалюты, што і выклікала шалёны ажыятаж на відэакарты.
Крыптавалюты пабудаваны такім чынам, што генерацыя кожнай новай адзінкі такой валюты патрабуе ўсё большай вылічальнай магутнасці. Майнеры аб’ядноўваюцца ў пулы, у складзе якіх яны арандуюць відэакарты, якія фізічна знаходзяцца ў месцах з таннай электрычнасцю.
Згодна з падлікамі экспертаў, камп’ютар коштам 2,5—3 тысячы даляраў для вытворчасці біткоіна можа акупіцца за год, а камп’ютар, які генеруе крыптавалюту Etherium, можа акупіцца за 2 месяцы.