ФСБ заявіла, што тэракт у метро Пецярбурга падрыхтавалі з дапамогай Telegram
Федэральная служба бяспекі абвясціла, што тэракт у метро Санкт-Пецярбурга 3 красавіка быў падрыхтаваны з дапамогай месенджара Telegram.
Як гаворыцца ў прэс-рэлізе ФСБ, у спецслужбы ёсць «дакладная інфармацыя аб выкарыстанні тэрарыстам-смяротнікам, яго памагатымі і замежным куратарам месенджара Telegram для ўтойвання сваіх злачынных задум на ўсіх стадыях арганізацыі і падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта».
У ФСБ дадалі, што міжнародныя тэрарысты «татальна» выкарыстоўваюць месенджары для «канспіратыўнай сувязі паміж сабой і сваімі куратарамі з замежжа». Найбольш актыўна, па версіі ведамства, тэрарысты выкарыстоўваюць менавіта Telegram, дзе ёсць «магчымасць ствараць сакрэтныя чаты з высокім узроўнем шыфравання інфармацыі».
Пры гэтым у ФСБ ніяк не пракаментавалі сітуацыю з магчымым хуткім блакаваннем Telegram у Расіі, пра якую раней папярэдзіў Раскамнагляд.