У Пагранслужбе Украіны патлумачылі, чаму іх кіраўнік страціў прытомнасць падчас прамовы Лукашэнкі
Усё здарылася на фоне ператамлення. Так памочнік кіраўніка Дзяржпагранслужбы Украіны патлумачыў страту прытомнасці свайго кіраўніка Віктара Назаранкі. Нагадаем, чыноўнік страціў прытомнасць падчас прамовы Аляксандра Лукашэнкі па выніках перамоваў з Пятром Парашэнкам.
Адразу пасля здарэння Віктара Назаранку адвезлі ў рэанімацыю, дзе ён правёў усе выходныя. Цяпер чыноўніка перавялі ў звычайную палату.
— Стан здароўя здавальняючы, усе жыццёвыя паказчыкі ў норме. Але Віктар Назаранка па-ранейшаму застаецца на бальнічным і знаходзіцца ў шпіталі пад наглядам лекараў, — распавёў tut.by Алег Слабодзян.
Калегі чыноўнікі ўдакладнілі, што кіраўнік ужо тры гады не быў у адпачынку і ў апошні час з-за высокага ціску быў на мяжы гіпертанічнага крызісу.
Кіраўніку Дзяржпагранслужбы стала кепска ў часе сумеснай заявы прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Аляксандр Лукашэнка нават перапыніў сваю прамову і папрасіў даць чыноўніку крэсла. Але ў гэты момант Віктар Назаранка страціў прытомнасць. Супрацоўнікі аховы вынеслі яго з залы.
— Вось і насычаныя перамовы. Не трэба перасільваць членаў урада,- - пракаментаваў тады сітуацыю Аляксандр Лукашэнка.