Іспанскі кароль выйшаў на дэманстрацыю ў Барселоне ФОТАФАКТ
Кароль Іспаніі Філіп VI узначаліў дэманстрацыю супраць тэрарызму ў Барселоне, якая прайшла праз дзевяць дзён пасля тэрактаў у Каталоніі, падчас якіх загінулі 15 чалавек, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Кароль Іспаніі ўпершыню пасля дыктатуры Франка бярэ ўдзел у дэманстрацыі. Фота GETTY IMAGES.
Побач з манархам у першых шэрагах маніфестацыі, якая прайшла па вуліцах каталонскай сталіцы, быў прэм'ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой і людзі, якія 17 жніўня першымі прыйшлі на дапамогу пацярпелым ад атакі ісламістаў.
Гэта былі не толькі паліцыянты ў форме і лекары ў белых халатах, але і прадаўцы крам з бульвара Рамбла, дзе грузавік тараніў мінакоў — яны першыя прыйшлі на дапамогу пацярпелым.
Людзі выйшлі з шырокім банерам, на якім быў напісаны лозунг «No tinc por» — «Я не баюся» на каталонскай мове.
Таксама ў руках дэманстрантаў, якія асуджаюць ваяўнічых ісламістаў, былі лозунгі супраць ісламафобіі, а сярод удзельнікаў маніфестацыі былі мусульманкі ў хіджабе. Акрамя таго, былі і плакаты з лозунгамі, у якіх асуджаецца продаж іспанскай зброі Саудаўскай Аравіі.
Па дадзеных паліцыі, у дэманстрацыі ўзялі ўдзел паўмільёна чалавек.