МЗС Украіны: Беларусь на словах паводзіць сябе як партнёр, а насамрэч дзейнічае зусім інакш
Украінскія дыпламаты робяць усё магчымае, каб высветліць месцазнаходжанне зніклага ў Гомелі Паўла Грыба, нягледзячы на адсутнасць належнага ўзроўню супрацоўніцтва з беларускага боку. Пра гэта ў інтэрв'ю «5 каналу» заявіла намеснік міністра замежных спраў Алена Зеркаль, піша Tut.by.
«Мы спрабуем высветліць сітуацыю (са зніклым Паўлам Грыбам). І наогул зрабіць усё магчымае для таго, каб змяніць гэтую сітуацыю. Вядома, сказаць, што беларусы супрацоўнічаюць так, як трэба, мы, на жаль, не можам, — сказала Зеркаль. — Мы паднялі ўсіх консулаў, усе працуюць, і ўсе спрабуюць высветліць сітуацыю. Мы не разумеем, дзе фактычна, фізічна ён знаходзіцца».
Таксама Алена Зеркаль заявіла, што «Беларусь на словах паводзіць сябе як партнёр, а насамрэч дзейнічае зусім інакш».
«Насамрэч да Беларусі, мне здаецца значна больш пытанняў, чым адказаў цяпер. У прыватнасці, напрыклад тое жа ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ці будзем мы падтрымліваць Беларусь у гэтым уступленні, з прычыны напрыклад таго, што Беларусь — гэта апошняя краіна Еўраазіяцкага эканамічнага саюза, якая ўступае ў СГА. І што будзе, якія будуць наступствы гэтага ўступлення? Ці мы ўсё ж будзем глядзець на свае інтарэсы, і навязваць ужо Беларусі, праз Беларусь ЕАЭС свае інтарэсы, уключаючы транзіт, уключаючы ўсе забароны, уключаючы ўсе ліцэнзіі і ўсе астатнія пытанні, а таксама, вядома, вырашаючы пытанні і ўезду грамадзян Украіны, і бяспекі грамадзян Украіны ў Беларусі. І ўсе будзем вырашаць комплексна», — заявіла намеснік кіраўніка МЗС Украіны.
Нагадаем, пра знікненне 19-гадовага ўкраінца стала вядома 28 жніўня. Павел Грыб паехаў у Гомель на сустрэчу з расіянкай, з якой пазнаёміўся ў інтэрнэце. Меркаваная дзяўчына Паўла паведаміла, што не бачыла, каб падчас сустрэчы маладога чалавека хтосьці затрымліваў. Аднак дадому Павел не вярнуўся, і яго бацька Ігар Грыб паехаў у Гомель, каб высветліць месцазнаходжанне сына. Там яму неафіцыйна паведамілі, што Павел знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 КК РФ (Тэракт) па запыце ФСБ Краснадарскага края. У СМІ пачала з'яўляцца інфармацыя, што Павел Грыб ужо ў Расіі, але гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная.
Чарнігаўская пракуратура 29 жніўня паведаміла аб завядзенні крымінальнай справы па факце знікнення Паўла Грыба. Меркаваная дзяўчына, з якой зніклы Павел сустракаўся ў Гомелі, у інтэрв'ю беларускім журналістам прызналася, што сустрэча адбылася з ініцыятывы ФСБ.