Саудаўская Аравія дамовілася з Расіяй пра пастаўкі ракетных сістэм С-400
Пра гэта, спасылаючыся на тэлеканал Al-Arabiya, піша DW.com.
Гэта адбылося падчас афіцыйнага візіту караля Сальмана бен Абдэль Азіза Аль Сауда ў Крэмль. Па дадзеных СМІ, гаворка ідзе пра пагадненне на суму больш за 3 млрд даляраў.
Расійскае выданне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з ходам перамоваў, таксама паведаміла, што Саудаўская Аравія можа купіць не менш за чатыры дывізіёны сістэмы СПА С-400 «Трыумф» на суму каля 2 мільярдаў даляраў.
Таксама бакі падпісалі мемарандум аб куплі і лакалізацыі ў Саудаўскай Аравіі прадукцыі ваеннага прызначэння. Так, напрыклад, саудаўцы маюць намер арганізаваць у сябе ліцэнзійную вытворчасць аўтаматаў Калашнікава АК-103 і патронаў рознага прызначэння.
Акрамя таго, прэзідэнт Расіі і кароль Саудаўскай Аравіі заключылі шэраг пагадненняў у розных сферах, у тым ліку ў энергетыцы, пастаўках харчавання і даследаванні космасу.