БЕЛ Ł РУС

Алесь Ліпай. Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы, які завуць у свеце Беларуссю

25.10.2017 / 22:31

Nashaniva.com

29 кастрычніка — прэзентацыя кнігі вершаў Алеся Ліпая «Абдымкі».

* * *

Я ўкрыжаваны лёсам на крыжы,
які завуць у свеце Беларуссю.
Мой Бог, дапамажы!
Дапамажы, —
бо я не паміраю, а баюся.

 

Мне страшны не нябыт, не тагасьвет —
мне боязна за ўсіх на гэтым свеце:
што Юда схоча больш яшчэ манет
і Пётр не спыніцца на адрачэнні трэцім.

 

Мне страшна, што разбэшчаны натоўп
прысудзіць смерць Марыі Магдаліне,
што распачнуць зноў вавілонскі стоўп
і мова беларуская загіне.

 

Што, атрымаўшы мой хітон, жаўнер
даваць сасмяглым толькі воцат будзе…
Я не прашу, каб ратаваў мяне, —
малю, Гасподзь, зусім аб іншым цудзе:

 

хай мне гарэць у пекле на агні,
абы мой крыж у полымі не згінуў.
Элі!
Элі!
Лама савахфані!
Забі мой страх!
І выратуй краіну! 

29 кастрычніка пройдзе прэзентацыя новай паэтычнай кнігі «Абдымкі» Алеся Ліпая.

Творчая вечарына адбудзецца ў Камернай зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Сярод гасцей — Зміцер Вайцюшкевіч з новымі песнямі на вершы Алеся Ліпая; Ірына Відава з хітом «Карабель маёй краіны»; Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Адам Глобус ды іншыя сябры і сяброўкі.

Пачатак а 19-й. Уваход вольны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула