МУС: Інфармацыя пра галадоўку ў жодзінскай турме — няпраўда
Інфармацыя ў СМІ аб сітуацыі ў жодзінскай турме не адпавядае рэчаіснасці, паведамляецца на сайце ведамства.
26 кастрычніка ў некаторых СМІ з'явілася інфармацыя аб сітуацыі ў турме №8 (г. Жодзіна) Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС лічыць неабходным яе растлумачыць.
«Па стане на 27 кастрычніка гэтага года ў турме №8 знаходзяцца чацвёра асуджаных, якія адмаўляюцца ад прыёму ежы. Прычынай адмовы з'яўляецца іх нязгода адбываць пакаранне ў камерах, абсталяваных сістэмай відэаназірання. Разам з тым усе чацвёра рэгулярна ядуць наяўныя ў іх прадукты. Яны знаходзяцца пад пастаянным наглядам медперсаналу папраўчай установы. Іх стан здароўя ацэньваецца як здавальняючы», — адзначаецца ў паведамленні.
У МУС адзначаюць, што ўсе чацвёра асуджаныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы (вымагальніцтва з прымяненнем гвалту; злоснае хуліганства; збыт наркотыкаў, у тым ліку непаўналетнім, у складзе арганізаванай групы асоб; злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ) і прыгавораны да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі - ад 8 да 15 гадоў. Усе яны былі пераведзены ў турму на тры гады ў мэтах выканання судовых пастаноў за неаднаразовыя парушэнні рэжыму ўтрымання ў калоніях. За час адбыцця пакараньня ў турме яны таксама шматкроць парушалі ўстаноўлены парадак знаходжання.