БЕЛ Ł РУС

Натхненне: беларуска фатаграфуе вёску так, што хочацца ўсё кінуць і з'ехаць туды

8.11.2017 / 17:40

КК

Штотыдзень мы дзелімся з вамі талковымі профілямі. Для натхнення і не толькі. Кожную сераду — новая гераіня ці герой.

Кінуць усё — і перабрацца ў вёску. Нагадвае сюжэт дзённіка Андруся Горвата, толькі ў нашым выпадку аўтарка Настасся Сакалова расказвае пра гэта не ў фэйсбуку, а ў інстаграме.

Настасся Сакалова.

Наста нарадзілася ў вёсцы ў Крупскім раёне. Калі пераехала ў Мінск на вучобу, была ўпэўненая, што ніколі не вернецца на малую радзіму. Але пасля атрымання дыплома, паспеўшы папрацаваць бухгалтаркай, усё ж вызначылася канчаткова: горад — гэта не яе тэма.

«Мне некамфортна ў бясконцым шуму, натоўпе і проста ў кватэры. Для поўнага адчування жыцця мне патрэбныя птушкі, сад і фізічная праца», — тлумачыць Настасся.

Цяпер Наста актыўна займаецца гаспадаркай. Дапамагае ёй ва ўсім муж, які працуе дальнабойшчыкам. Пра сваё жыццё ў гармоніі з сабой Наста падрабязна расказвае ў інстаграме з іранічнай назвай «Дзеравеншчына».

Фотаздымкі з краявідамі Крупскага раёна — сапраўдная асалода для вачэй. Тут ёсць месца і кветкам, і антуражным дэталям кшталту печкі, пакета для пакетаў, гумовых ботаў на вясковай сцежцы, пральнай рэтра-машыны, працэсу нарыхтоўкі сена. На фотаздымках можна ўбачыць і аднавяскоўцаў дзяўчыны, нават пачуць іх дыялогі праз прызму ўспрымання назіральніцы.

Варта адзначыць, што дзяўчына вельмі любіць эксперыментаваць з гатаваннем. Выкарыстоўвае ўсё, што расце пад бокам. Толькі з яе профілю вы даведаецеся, што самастойна зроблены адвар з каранёў палыну можа выратаваць ад камароў, а цукаты, прыгатаваныя ў хатніх умовах, не горш за набытыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула