БЕЛ Ł РУС

Фельчар прысароміў хулігана, які сікаў на аўто. А той сабраў сяброў і кінуўся з нажом

9.12.2017 / 22:20

У Рэчыцы звычайная заўвага суседу па доме скончылася тым, што ў дачыненні да аднаго распачата крымінальная справа, а другі мужчына знаходзіцца ў бальніцы.

Увечары фельчар рэчыцкай раённай бальніцы пасля працы вяртаўся дадому. Ужо падыходзячы да пяціпавярховіка на вуліцы Іванаўскай убачыў маладога хлопца, які не саромеючыся спраўляў малую патрэбу на адзін з прыпаркаваных у двары аўтамабіляў. 34-гадовы мужчына зрабіў заўвагу і пачаў сароміць таго. Але п'янаму хлопцу гэта не спадабалася, і ён кінуўся на медработніка з кулакамі. Той агрэсіўны выпад адбіў, але паабяцаў, што проста так гэта не пакіне.

І сапраўды, медык вырашыў паглядзець відэазапісы з камер відэаназірання, усталяваных на доме. Тым часам п'яны хуліган-сікун сабраў двух братоў і знаёмага ды засеў у засаду.

Адгледзеўшы відэа бойкі фельчар і жанчына, старшыня камітэта забудоўшчыкаў, выйшлі на вуліцу. Усё астатняе адбылося вокамгненна. Хуліганы ўзялі мужчыну ў шчыльнае кола. Жанчына паспела набраць «102» і паведаміць аб здарэнні ў міліцыю.

Але ў нейкі момант фельчар, які спрабаваў даць адпор ўсёй чацвёрцы, гучна ўскрыкнуў і асунуўся, а ўся чацвёрка кінулася хто куды. Падбегшы да мужчыны жанчына зразумела, што трэба выклікаць і хуткую дапамогу. У таго аказалася нажавое раненне жывата…

Фельчару, які атрымаў два нажавыя раненні, у хірургічным аддзяленні аператыўна аказалі неабходную дапамогу.

Міліцыя адразу знайшла п'янага хулігана. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула