БЕЛ Ł РУС

Выбары не адбыліся толькі па адной акрузе, бо праўладнага кандыдата-камуніста арыштавалі

19.02.2018 / 12:14

Зміцер Панкавец

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала вынікі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы. 18 лютага былі абраныя 18110 дэпутатаў розных узроўняў.

Не адбыліся выбары толькі ў адной акрузе. Не быў абраны дэпутат у Ельскі раённы савет (Гомельская вобласць) па Савецкай акрузе №3. Усе трыццаць акругаў у Ельску былі безальтэрнатыўнымі. Адзін кандыдат — адзін мандат.

Па Савецкай акрузе №3 балатаваўся дырэктар Ельскай мэблевай фабрыкі Віталь Васілёнак. Яму 34 гады, з’яўляецца сябрам афіцыйнай Камуністычнай партыі. На выбары вылучаўся ад працоўнага калектыва, а не ад партыі.

Віталь Васілёнак. Фота serdtse.by.

У выніку адносна Васілёнка стаіць наступная інфармацыя: «Працоўны калектыў адмяніў рашэнне па вылучэнню кандыдата ў дэпутаты». З чым гэта звязана?

Аказалася, што падчас выбарчай кампаніі Васілёнак быў затрыманы сілавымі структурамі і цяпер знаходзіцца ў СІЗА.

Цяпер па Савецкай акрузе ў Ельску павінны адбыцца перавыбары. Гэта адзіны прэцэдэнт у краіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула