Следчыя расказалі падрабязнасці забойства мінчука, які знік з дарагім «Аўдзі Q7». Цела не знойдзена дагэтуль
У лістападзе 2016 года ў міліцыю прыйшла жанчына — у яе знік брат. Яго пачалі шукаць. Сёння следчыя ўпэўненыя: мужчыну забілі. Знайшлі яго аўто са слядамі крыві, знайшлі нават падазраваных. Дзе цела мужчыны, невядома і па сёння.
Знік на дарагім аўто
Увосень 2016 года сваякі некалькі дзён не маглі знайсці 41-гадовага Андрэя Касяка. Паспяховы мужчына, начальнік аддзела продажаў адной з мінскіх кампаній раптам знік. Не было і яго машыны — дарагога ўседарожніка «Аўдзі Q7».
Міліцыянты завялі крымінальную справу, сваякі пайшлі да пошукава-ратавальных атрадаў. Мужчыну знайсці не атрымлівалася.
«Падчас адпрацоўкі знаёмых зніклага паступіла інфармацыя ад аднаго з іх, што Касяк быў у Санкт-Пецярбургу. Прычым нейкая асоба пацвердзіла па тэлефоне, што ён сапраўды прыязджаў да яе ў госці», — расказваюць у Следчым камітэце.
Але праз некаторы час у Мінскім раёне быў знойдзены аўтамабіль Аўдзі Q7 і пры яго аглядзе былі зафіксаваныя сляды забойства. У ходзе далейшай працы версія забойства атрымала пацверджанне.
Версія следства: забілі за грошы
Па версіі СК, падзеі развіваліся наступным чынам.
29-гадовы раней судзімы жыхар Мінска увайшоў у давер да Андрэя і падтрымліваў з ім прыяцельскія адносіны. 41-гадовы менеджар вёў даволі замкнёны лад жыцця, але новы «сябар» да восені 2016 года ўжо нават ведаў бліжэйшыя планы Касяка. Ведаў ён і тое, што Андрэй планаваў набыць новы ўседарожнік: хацеў купіць «Таёту Лэнд Крузер» за 40-50 тысяч даляраў.
Акрамя таго, лічаць следчыя, 29-гадовы мужчына ведаў, дзе ў доме Касяка знаходзяцца іншыя грошы.
У выніку «сябар» Андрэя Касяка звязаўся са сваім знаёмым, які быў гаспадаром пейнтбольнага клуба. Разам мужчыны распрацавалі план забойства. «Мозгам» аперацыі, упэўненыя ў СК, быў менавіта 41-гадовы гаспадар пейнтбольнага клуба.
Згодна з планам, малодшы абвінавачваны ўгаварыў Касяка паехаць раніцай 4 лістапада 2016 года ў пейнтбольны клуб у Мінску, дзе павінен быў пазнаёміць з чалавекам, нібыта гатовым забраць сабаку пацярпелага — той хацеў аддаць яго ў добрыя рукі.
Яны ўдваіх прыехалі да забаўляльнага комплексу, дзе іх ужо чакаў уладальнік.
Далей, пакуль гаспадар адцягваў увагу менеджара, 29-гадовы мінчанін нанёс ззаду ўдар малатком па галаве госцю. Разлік быў на тое, што ён не будзе чакаць нападу цішком ад свайго знаёмага. Аднак, удар аказаўся недастатковым і пасля таго, як мужчына зваліўся, уладальнік клуба пачаў яго душыць.
Затым пачалася праца па знішчэнні доказаў і стварэнні алібі.
Акрамя стандартных дзеянняў накшталт спальвання асабістых рэчаў і зачысткі месца злачынства (да якіх таксама прыцягнулі сына ўладальніка клуба), фігуранты паспрабавалі праявіць арыгінальнасць. Напрыклад, у тую ж раніцу адзін з абвінавачаных прыехаў на машыне пацярпелага да яго працы разам з мабільнымі тэлефонамі, каб іх сігнал быў зафіксаваны ў гэтай мясцовасці ў патрэбны прамежак часу.
На значнай адлегласці ад месца забойства злачынцы павыкідвалі мабільнік і малаток, якім забілі Андрэя.
Пасля забойства «напарнікі» завалодалі ключамі ад дома забітага. Яны праніклі туды і вынеслі 50 тысяч даляраў. Дзейнічалі вельмі акуратна — пасля нават сваякі Касяка не маглі сказаць, што ў доме былі чужыя.
Ноччу на «Аўдзі» Андрэя яго цела вывезлі і закапалі. Дзе — невядома і па сёння.
«Напарнікі» прыдумалі і што зрабіць з машынай менеджара — яшчэ да забойства дамовіліся аб яе разборцы і продажы па запчастках. Аднак аўтаслесары западозрылі нядобрае, адмовіліся ёй займацца, таму нятанную «Аўдзі» проста пакінулі ў адным з населеных пунктаў Мінскага раёна.
Махляры і вымагальнікі
Машыну знайшлі праз месяц за дапамогай валанцёраў ратавальнага атрада «Ангел». У салоне была кроў Андрэя Касяка і біялагічныя сляды яго 29-гадовага «сябра». Раней з ім ужо гаварылі, менавіта ён расказваў, што Касяк — у Расіі.
Падазраванага затрымалі. Пазней затрымалі і таго гаспадара пэйнтбольнага клуба.
Затым яны загаварылі. Кожны перакладваў віну на таварыша.
«Ёсць факты, якія сведчаць пра тое, што злачынства было спланавана загадзя. Знаёмы пацярпелага загадзя узяў сабе на працы выхадны на 4 лістапада, а ўладальнік пейнтбольнага клуба папрасіў свайго сына нічога не планаваць на гэты ж дзень, тлумачачы гэта тым, што дапамога сына спатрэбіцца ў клубе. Улічваючы, што яны мелі звесткі аб хуткай ўстаноўцы ў доме загінулага сістэмы відэаназірання, абвінавачаныя разумелі, што менавіта ў гэты дзень у іх ёсць шанец пакінуць пасля сябе менш слядоў», — кажуць следчыя.
Абодва абвінавачаных паказалі, дзе выкінулі малаток. Яго знайшлі.
«Уладальнік клуба працягваў даваць паказанні ў рамках сваёй версіі падзей. Нават паказаў прыблізнае месца пахавання цела (дзе яно, зрэшты, так і не было знойдзена).
Але калі следствам было высветлена, што яго сын сапраўды не ведаў аб планах бацькі ды яго знаёмага і не браў удзел у забойстве, яго вызвалілі з-пад варты. Тады 41-гадовы абвінавачаны цалкам змяніў лінію паводзінаў і замоўк, — кажуць следчыя. — Паказанні малодшага саўдзельніка неаднаразова мяняліся да таго, як ён таксама перастаў супрацоўнічаць са следствам, але сутнасць іх падобная — усё будуецца вакол таго, што забіваў не ён».
Падчас расcледавання усплылі цікавыя факты пра абвінавачаных. Раней яны ўжо паспелі «зарабіць» 100 тысяч даляраў.
«Атрыманыя доказы іх дачынення да вымагальніцтва грашовых сродкаў у сямейнай пары з Мінска, спалучаныя з выкраданнем жонкі. Пры гэтым старэйшы фігурант запалохваў іх прадметамі, якія былі падобныя на ампутаваныя часткі цела чалавека. На працягу трох гадоў ім удалося атрымаць ад пацярпелых 100 тысяч долараў, — паведамляюць у СК.
Акрамя таго, малодшаму фігуранту інкрымінуецца махлярства, а старэйшаму абвінавачанаму таксама падробка дакументаў».
Цяпер матэрыялы справы накіравалі ў суд. Але абвінавачаныя не кажуць, дзе знаходзіцца цела, — спадзяюцца, што гэта дапаможа ім пазбегнуць пакарання.