Якубовіч даводзіць, што настаўнікам кампенсуюць кошт падпіскі на «Советскую Белоруссію». На самой справе — не
У апошнім выпуску «Клуба рэдактараў» зайшла гаворка пра прымусовую падпіску на дзяржаўную прэсу.
Былы рэдактар «Советской Белоруссіі» Павел Якубовіч звярнуў увагу, што дзяржава выдзяляе настаўнікам дадатковыя сродкі на друкаваную прадукцыю.
«Настаўнікам выдзяляюцца сродкі для падпіскі на прэсу. І паверце, калі настаўнік выпіша «Советскую Белоруссію», то гэта яго перавага. … Але на яго бедны заробак дзяржава ні ў якім разе не прэтэндуе», — сказаў Павел Якубовіч.
Паводле заканадаўства, работнікі адукацыі атрымліваюць штомесячную кампенсацыю выдаткаў «на набыццё навучальнай і метадычнай літаратуры». Гэта 15% ад тарыфнай стаўкі першага разраду, што цяпер складае 4,95 рубля.
Ці лічыцца «Советская Белоруссія» навучальнай і метадычнай літаратурай — пытанне без адказу. Але ці хапае настаўнікам тых сродкаў, што выдзяляюцца дзяржавай?
«На картку спачатку прыходзіць заробак, а пасля, у той жа дзень ці на наступны, асобна гэтыя 4,95 рубля. Гэта — на ўсю літаратуру, якая можа спатрэбіцца. Прыкладна столькі каштуе адна метадычная кніжка, добрыя дапаможнікі нашмат даражэйшыя. У рэальнасці на ўсё сыходзіць нашмат больш грошай, 4,95 рубля — гэта ўвогуле смешна», — тлумачаць настаўнікі.
Натуральна, што на выпісванне газет з гэтых грошай нічога не застаецца. Тым больш, што падпіска на месяц на «Советскую Белоруссію» каштуе 8,09 рубля, а на «Настаўніцкую газету» — 8,90 рубля.