Адсвяткавалі 23 лютага: у Гомелі трое 20-гадовых хлопцаў памерлі, учадзеўшы ў гаражы
Гомельскім гарадскім аддзелам СК праводзіцца праверка па факце смерці траіх 20-гадовых мужчын, знойдзеных у гаражы на вуліцы Лазурнай, піша sk.gov.by
23 лютага кампанія маладых людзей накіравалася ў гараж, каб адзначыць свята. Пасля распіцця алкаголю некалькі чалавек сышлі дадому, а чацвёра засталіся ў гаражы. Дзверы зачынілі знутры. Каб сагрэцца, маладыя людзі селі ў аўтамабіль і завялі рухавік.
У суботу яны перасталі адказваць на тэлефонныя званкі. У ноч на нядзелю іх знайшла сястра аднаго з хлопцаў. Работнікі хуткай канстатавалі смерць траіх. Яшчэ аднаго - 19-гадовага хлопца шпіталізавалі.
Паводле папярэдніх высноў экспертаў, маладыя людзі памерлі ад атручвання чадным газам. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы.