БЕЛ Ł РУС

У Менск прыбывае старшыня АБСЭ

7.10.2008 / 09:42

Nashaniva.com

Аляксандар Стуб сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Сёньня ў Менск зь візытам прыбывае дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Фінляндыі Аляксандр Стуб.

Ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Чаго чакаюць ад гэтага візыту ў Менску?

Напярэдадні прыезду ў Беларусь дзейнага старшыні АБСЭ Аляксандра Стуба кіраўнік менскага офісу гэтай арганізацыі Ганс‑Ёхэн Шміт заявіў, што ён бачыць магчымасьці для «пакрокавага разьвіцьця адносін Беларусі і Эўропы»:

«Карысьць ад апошніх палітычных рашэньняў, ухваленых у Беларусі, такіх як вызваленьне палітвязьняў, правядзеньне выбараў, якія будуць ацэненыя БДІПЧ АБСЭ і абмеркаваныя ў Эўропе, у тым, што існуе магчымасьць знайсьці спосабы крок за крокам і ў канкрэтных галінах разьвіваць супрацоўніцтва».

Паводле спадара Шміта, дзейны старшыня АБСЭ зьбіраецца сёньня абмеркаваць пытаньні супрацоўніцтва, умацаваньня адносін АБСЭ і Беларусі.

На паляпшэньне адносін з Захадам разьлічваюць і беларускія ўлады. Пра гэта адразу пасьля выбараў казаў А. Лукашэнка на сустрэчы зь кіраўніцай місіі назіральнікаў ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ан‑Мары Лізэн. Беларускі кіраўнік сказаў спадарыні Лізэн, што чакае ад Эўразьвязу адмены санкцый: «Мы чакаем ад вас адмены ўсялякіх санкцый, якія вы ўвялі, пакрыўдзіўшы беларускі народ», — заявіў тады А.Лукашэнка. Сёньня ён упершыню прыме ў сваёй рэзыдэнцыі міністра замежных спраў адной з краін Эўразьвязу — Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ.

Аляксандр Стуб сустрэнецца і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьбіраюцца давесьці яму супольную пазыцыю. Гаворыць адзін зь сустаршыняў АДС Вінцук Вячорка:

«Мы хацелі б канчатковага замацаваньня ацэнкі гэтых выбараў як недэмакратычных, неадпаведных стандартам, непразрыстых,
і адпаведна замацаваць пазыцыю наконт новага складу Палаты прадстаўнікоў, як структуры, якая ня можа называцца легітымным парлямэнтам і не можа прызнавацца».

Вінцук Вячорка перакананы, што міжнародныя арганізацыі могуць рабіць крокі насустрач беларускім уладам толькі ў адказ на пазытыўныя зрухі, а пакуль да такіх можна аднесьці толькі вызваленьне палітвязьняў.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў не чакае ад візыту дзейнага старшыні АБСЭ нейкіх істотных рашэньняў:

«Нічога я ад гэтага прыезду не чакаю, бо АБСЭ ня тая арганізацыя, якая можа штосьці вырашаць.
Вырашае Эўразьвяз, у меншай ступені — Рада Эўропы. АБСЭ — гэта аналяг ААН ў Эўропе. І яшчэ горшы, таму што рашэньні тут увогуле прымаюцца кансэнсусам, а мы ведаем, якія краіны туды ўваходзяць».

Паводле спадара Фёдарава прарыву ў дачыненьнях беларускіх уладаў з міжнароднай супольнасьцю няма. Ёсьць толькі некаторае пацяпленьне ў стаўленьні да афіцыйнага Менску, але гэта не яго заслуга, гэта рэакцыя Захаду на расейскую агрэсію ў Грузіі.

Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула