Расійскі сенатар падрыхтуе законапраект, які прыраўнівае сталінізм да нацызму
Сенатар Людміла Нарусава падрыхтуе законапраект, які прыраўноўвае апраўданне сталінізму да апраўдання нацызму, паведамляе «Інтэрфакс». Падставай для такога рашэння сталі заявы некаторых кандыдатаў у прэзідэнты.
«Пасля таго, да чаго нас заклікаў [кандыдат у прэзідэнты Максім] Сурайкін, называючы сябе сталіністам, ушаноўваючы Сталіна, я лічу, што трэба, і ў найбліжэйшы час выступлю з такой заканадаўчай ініцыятывай — апраўданне Сталіна прыраўняць да апраўдання нацызму», — цытуе агенцтва Нарусаву.
Паводле яе слоў, на мінулых выбарах двое кандыдатаў былі «адкрытымі сталіністамі» і заклікалі адрадзіць СССР. Сенатар выказала здагадку, што рэалізацыя падобнага плана прывядзе да вайны, паколькі Казахстан, краіны Прыбалтыкі і Паўднёвага Каўказу не захочуць губляць сваю незалежнасць. Нарусава дадала, што гэтыя кандыдаты набралі менш за ўсё галасоў на выбарах, і для яе гэта самае галоўнае.
Раней прэзідэнт Уладзімір Пуцін казаў, што сталінізм нельга параўноўваць з нацызмам, таму што сталінскі рэжым ніколі не ставіў сваёй мэтай знішчэнне цэлых народаў. Пры гэтым Пуцін прызнаваўся, што ў яго складанае стаўленне да дзейнасці Сталіна.