БЕЛ Ł РУС

Уладзімір Някляеў напісаў верш з-за кратаў да Дня Волі

25.03.2018 / 17:25

Нагадаем, што Уладзімір Някляеў зараз адбывае адміністрацыйны арышт на Акрэсціна.

Дзень Волі
Да 100-годдзя БНР

I

У камеры турэмнай, нібы звер,
Глухім адчаем выючы да столі,
Святкую я стагоддзе БНР —
няспраўджанае свята нашай Волі.

Прынік да вочка
вокам
вартаўнік.
Мардаты. Зубы сцяты. Чын па чыну.
А недзе там, над столлю, — сакавік.
І недзе там — за кратамі — Айчына.

І раптам я адчуў, што мы ўдваіх
За кратамі, як з ланцугом на шыі,
Я выю ў столь па гэты бок ад іх,
Яна — па той бок у нябёсы вые.

Аж дрыжыкі бяруць з яе выцця!
Такая ў ім туга, нуда такая.
Як не хапае ёй, каб жыць, жыцця,
І смерці, каб памерці, не хапае!

І так — скрозь век, скрозь сто студзёных год,
Скрозь боль і жах, скрозь песні з карагодамі —
І скрозь правадыроў, і скрозь народ,
Які ніяк не можа стаць народам.

ІІ

Вясна, вясна! Скажы, шапні ты мне,
Калі ўжо ты прыйшла на наш гасцінец,
Чаму я ў роднай, крэўнай старане
Турме — радня, а ўсёй радні — чужынец?

Шапні, вясна чаканая, скажы:
У чым я прад Айчынай вінаваты?..

І слухаў я, як б’юцца капяжы
Аб падваконнік,
Аб сцяну,
Аб краты…

ІІІ

О, Беларусь! О, Крывія мая!
Ты
Ува мне
Жывой крывёй струменіш!
І гэта ўжо ніяк,
Нічым не зменіш:
Кроў на ваду не памяняю я.

Дарма — турма! А Воля — не дарма!
І не дарма Пагоні меч узняты!
Мы рассячэм ланцуг!
Мы вырвемся з ярма!
Мы ўсё-ткі спраўдзім
Волі нашай
Свята!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула