БЕЛ Ł РУС

Упершыню парыжскі музей сучаснага мастацтва адкрыў дзверы для нудыстаў

6.05.2018 / 19:56

nn.by

Палац Токіа стаў першым музеем, які правёў мерапрыемства спецыяльна для аматараў хадзіць галышом

Размешчаная ў Парыжы галерэя сучаснага мастацтва Палац Токіа ўпершыню зладзіла «дзень адчыненых дзвярэй» для нудыстаў, якія жадаюць агледзець калекцыю музея, не абмяжоўваючы сябе адзеннем, піша Бі-Бі-Сі.

Мерапрыемства для натурыстаў-аматараў мастацтва было праведзена ў першую палову дня ў суботу і прыцягнула агулам 161 наведвальніка.

Прыбыўшы ў Палац Токіа, наведнікі маглі пакінуць усю сваю вопратку ў гардэробе і на працягу некалькіх гадзін пагуляць па музею з такімі ж аголенымі візіцёрамі.

Пасля гэтага музей адчыніў дзверы і для звычайных, апранутых наведнікаў.

Асацыяцыя нудыстаў Парыжа вітала новае пачынанне.

Летась мэрыя французскай сталіцы ўжо выдзеліла для нудыстаў асаблівую зону ў парку Венсенскі лес на ўсходзе горада.

«Ментальнасць мяняецца, — заявіў у інтэрв'ю агенцтву Рэйтэр Жульен Клод-Пенегры, дырэктар Асацыяцыі нудыстаў Парыжа па сувязях з грамадскасцю. — Нудысты пераадольваюць бар'еры, табу і ўнутраныя забароны».

Як піша мясцовая прэса, мерапрыемства прайшло з вялікім поспехам і ў мужчын, і ў жанчын.

Paris : Grand succès de la visite naturiste du palais de Tokyo https://t.co/HCEYrfhdhl

— Le Parisien (@le_Parisien) 5 мая 2018 г.

«Атмасфера была вельмі прыемнай, — распавёў адзін з наведнікаў-нудыстаў газеце Le Parisien. — Вядома ж, у велізарных залах Палаца Токіа ты адчуваеш сябе яшчэ больш безабаронным без адзення. І мастацтва ўспрымаецца зусім па-іншаму».

«Асабліва цесна ты ўзаемадзейнічаеш са скульптурамі, — сцвярджае 23-гадовая студэнтка Марта. — А ў некаторых залах, дзе грала музыка, людзі нават рухаліся, нібы прытанцоўваючы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула