Антон Астаповіч: Тыя, хто цяпер ладзіць у Курапатах акцыі пратэсту, спекулююць на касцях
Пра гэта заявіў старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, каментуючы Радыё Свабода сітуацыю вакол адкрыцця ля Курапатаў рэстарана і пратэсты актывістаў.
«Не трэба нават пратэсты праводзіць. Максымум год прапрацуе і будзе закрыты праз эканамічную неэфэктыўнасьць, — апісвае пэрспэктывы рэстарану «Поедем поедим». — Ня тое месца там для рэстарана, нават без уліку Курапатаў. Паміж дзьвюма дарогамі, побач кальцавая. Ну хто туды спэцыяльна паедзе адпачываць? Гэта сьмешна… А вось тыя, хто цяпер ладзіць там акцыі пратэсту, я лічу, спэкулююць на касьцях».
Паводле Антона Астаповіча, усё, што адбываецца вакол Курапатаў, адбываецца ў межах заканадаўства. У тым ліку зьмена ахоўных зонаў.
«Нашая публіка зараз дагуляецца да таго (маюцца на ўвазе пратэсты супраць адкрыцьця «Поедем поедим»), што ўсё гэта абрыдне ўладам і яны ўвогуле прыбяруць ахоўную зону вакол Курапатаў. Зробяць яе межы аднолькавымі зь межамі самога помніка, — гаворыць Астаповіч. — Абрэжуць, і гэта будзе ў межах закону. Я вам хачу сказаць, што Курапаты — гэта адзіная гісторыка-культурная каштоўнасьць у Беларусі, якая мае такія шыкоўныя ахоўныя зоны. Такія ідэалягічныя аб’екты, як Трасьцянец, Берасьцейская крэпасьць, нават Хатынь маюць зоны аховы, якія супадаюць зь межамі саміх гэтых помнікаў».
Як кажа Астаповіч, беларускае заканадаўства прадугледжвае 50-мэтровыя ахоўныя зоны для могілак, што зьвязана з санітарнымі нормамі. А таксама для археалягічных помнікаў, бо вызначыць іхныя дакладныя межы без дасьледаваньняў бывае складана.
«Курапаты маюць выключную сытуацыю, — дадае Астаповіч. — Апошні раз ахоўная зона карэктавалася ў 2014 годзе, тады подпіс пад дакумэнтам ставіў намесьнік міністра. І зрабілі вінаватай гэтую Дрыгу (Ірына Дрыга, першая намесьніца міністра культуры) ва ўсім. А ў чым яе віна? Перад выхадам у Мінкульце гэты дакумэнт зацьвярджаўся ў мностве іншых ведамстваў.
Не зацьвердзіла б Дрыга гэты праект, і Курапаты ўвогуле маглі б застацца без ахоўных зонаў…
Я сур’ёзна гавару, на курапацкай праблеме ідзе спэкуляцыя. Цэлы шэраг нашых, як я іх называю, палітычных лузэраў хоча ўзгадак пра сябе. Я разумею маральны аспэкт разьмяшчэньня там рэстарацыі, але заканадаўча яна там будзе».