БЕЛ Ł РУС

У баранавіцкую гімназію падалі заявы бацькі дзевяцярых першакласнікаў, але з’яўленне беларускамоўнага класа пад пытаннем

13.06.2018 / 11:00

Бацькі будучых школьнікаў, якія хочуць навучаць дзяцей па-беларуску, 12 чэрвеня занеслі заявы ў гімназію №4, але яны не ўпэўненыя, што першы беларускамоўны клас у гімназіі ўсе ж такі адкрыюць.

Заявы дырэктар гімназіі №4 прыняў ад дзевяці сямей. Але і пасля гэтага ў бацькоў застаюцца сумненні:

— Дырэктар зноў прапанаваў нам звярнуцца ў школу №16, але ж мы да апошняга будзем змагацца за адкрыццё класа менавіта ў гімназіі, — распавяла Intex-press Таццяна Малашчанка, маці адной з будучых першакласніц.

Чарга на падачу дакументаў для залічэння ў першы клас.

Па словах бацькоў, дырэктар гімназіі папярэдзіў, што прыём заявы не азначае, што беларускамоўны клас будзе адкрыты, але па чарговасці іх дзеці трапляць у рускамоўны клас. А тое, што бацькам астатніх першакласнікаў не прапаноўваюць на выбар беларускую і рускую мовы навучання, яны лічаць дыскрымінацыяй.

Дырэктар гімназіі №4 Вадзім Шчарбакоў распавёў Intex-press, што пытанне аб адкрыцці малакамплектных класаў было разгледжана на сустрэчы бацькоў са старшынёй гарвыканкама.

— Бацькам прапанавалі сабраць 24 будучых першакласнікаў, каб адкрыць беларускамоўны клас у гімназіі, у іншым выпадку малакамплектны клас прапанавалі адкрыць у школе №16, дзе для гэтага ёсць усе ўмовы, — адзначыў Вадзім Шчарбакоў. — Цяпер узнікае пытанне: яны абіраюць мову навучання ці менавіта гімназію. Бацькі не разумеюць, што, калі я ствару клас для гэтых дзевяці дзяцей, мне трэба будзе адмовіць 28 сем’ям, якія хацелі б вучыць дзяцей па-руску.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула