Эрдаган назваў выбары ў Турцыі перамогай дэмакратыі і падзякаваў Алаху
Парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, што прайшлі ў Турцыі 24 чэрвеня, сталі перамогай дэмакратыі, заявіў у звароце да прыхільнікаў у Анкары Рэджэп Таіп Эрдаган. За падтрымку сваёй кандыдатуры на выбарах ён падзякаваў грамадзянам краіны і Алаху, паабяцаўшы Турцыі «гады росквіту».
Да сваіх прыхільнікаў ён звярнуўся з балкона штаб-кватэры кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця, якая таксама набрала большасць галасоў. Эрдаган заявіў, што пераможцамі сталі ўсе грамадзяне 81-мільённай Турцыі. «Пераможцамі выбараў 24 чэрвеня стала Турцыя, турэцкая нацыя, пакутнікі нашай рэлігіі і ўсе прыгнечаныя ў свеце … Я слаўлю Алаха ў гэты дзень», — звярнуўся ён да прысутных на плошчы. Адзінства суграмадзян ён выказаў словамі «адна нацыя, адзін сцяг, адна радзіма, адна дзяржава».
Асобную падзяку ён выказаў ультраправай Партыі нацыяналістычнага руху, якая аказала яму падтрымку нароўні з узначаленай Эрдаганам Партыяй справядлівасці і развіцця. Эрдаган падкрэсліў, што мае намер працягнуць барацьбу з тэрарыстамі, сярод якіх ён згадаў Рабочую партыю Курдыстана і апазіцыйны рух FETO, які ўзначальвае прапаведнік Фетхула Гюлен.