Генпракуратура пра «Паедзем, паядзім»: Гучны адпачынак забаронены з усходняга боку
19.07.2018 / 15:29
relax.by
Генеральная пракуратура адказала на запыт блогера Антона Матолькі наконт законнасці пабудовы і дзейнасьці рэстарацыі «Поедем поедим» побач з мэмарыялам на месцы расстрэлаў у Курапатах, піша Радыё Свабода.
Сярод іншага ў адказе паведамляецца, што новы праект зонаў аховы ўрочышча зацьверджаны пастановай Міністэрства культуры 1 сьнежня 2014 году. Адпаведна зь ім, шырыня ахоўнай зоны з паўночнага захаду мэмарыялу зьменшаная са 120 да 50 мэтраў, у зьвязку з чым «аб’ект прыдарожнага сэрвісу» разьмешчаны па-за яе мяжамі. Праектнае рашэньне, сьцьвярджае Генпракуратура, абгрунтавана вынікамі аналізу ляндшафту і разьвіцьця тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Гепракуратура таксама інфармуе, што праектам дэталёвага плянаваньня зямельны надзел, на якім разьмешчаны комплекс аб’ектаў «Белрэстінвэст», мае «абцяжарваньні» ў выкарыстаньні.
З усходняга боку рэстарацыі [дзе знаходзіцца адкрытая тэраса са столікамі і сцэнай, батуты] выключаюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў» і арганізацыі адпачынку на адкрытым паветры. Абмежаваньне тлумачыцца неабходнасьцю выключыць парушэньні «сакральнага характару» да гісторыка-культурнай каштоўнасьці, якая «прымыкае» з усходняга боку.