Падрабязнасці бойкі даішніка з мінаком у Пінску: версія жонкі прыдушанага мужчыны
дапоўнена
Гучны канфлікт адбыўся ў Пінску: пешаход палез у бойку з даішнікам. Міліцыянт у адказ заламаў яго, ад удушальнага прыёма мужчына страціў прытомнасць.
А пачалося ўсё з эвакуацыі машыны, прыпаркаванай не па правілах. Да даішніка, які стаяў каля аўто, раптам падыйшоў мінак з вудамі і запатрабаваў паказаць дакументы.
Урэшце даішнік выставіў наперад руку і, магчыма, дакрануўся да неабыякавага мінака. Той у адказ ударыў міліцыянта. Завязалася бойка.
Што самае цікавае, машына не належыць ані таму неабыякаваму мінаку, ані яго жонцы.
Мужчыну, які вырашыў паспрачацца з даішнікам, завуць Аляксандр. Яму 45 гадоў, ён жыхар Пінска. Мае дзвюх дачок.
Аляксандр (справа), яго жонка Дзіяна (у цэнтры) і іх малодшая дачка
Канфлікт здарыўся побач з рынкам, дзе гандлюе жонка Аляксадра — таму яна і прыбегла хутка на шум, бо шмат хто падумаў, што мужчына абараняў сямейнае аўто. Але не.
«Муж проста падыйшоў да даішніка, бо сам кіроўца. З салідарнасці. Не лічу, што гэта злачынства — папрасіць пасведчанне ў прадстаўніка ўлады. Чаму палез у бойку? Бо міліцыянт яго проста паслаў», — паведаміла «Нашай Ніве» Дзіяна, жонка Аляксандра.
Дапоўнена: Жонка прызнала, што, хутчэй за ўсё, Аляксандр у той дзень трохі выпіў. Але, настойвае Дзіяна, яе муж быў адэкватны.
Яна распавяла, што пасля ўдушэння муж страціў прытомнасць, з яго рота пайшла кроў. Выклікалі хуткую. Пакуль яна ехала, Аляксандр ачуняў.
«Я з ім паехала ў бальніцу. У хуткай былі мы ўдвух і дактары. Прыехалі, нас пасадзілі ў прыёмны пакой, сказалі чакаць. Там ля кабінета ўжо стаяў нейкі міліцыянт. Муж папрасіўся ў яго пакурыць, той рэзка так адказаў: «Сядзь на месца!».
Муж ізноў пачаў пытацца ў міліцыянта: «Ты хто такі, прозвішча?» Міліцыянт нібыта яго паслаў.
«Урача чакалі доўга. Калі той з’явіўся, Саша яму кажа: хачу пакурыць. Доктар нават не агледзеў яго, адразу сказаў, што Саша неадэкватны. Пасля нас з дачкой выштурхнулі з прыёмнага пакою, закрыліся на ключ. Што там было, я не ведаю. Мужа вадзілі зрабіць нейкі здымак. Шыі, здаецца, у яго ж кроў ішла з рота…
А пасля прыехалі следчыя, і Сашу забралі ў СК. Што з ім сёння і дзе ён знаходзіцца, я не ведаю.
Прозвішча таго інспектара, які душыў мужа, я таксама не ведаю. Там у бальніцы пасля было чалавек пяць міліцыянтаў, я ў іх пыталася, як звалі інспектара. Але ніводзін не адказаў», — узгадвае Дзіяна.
Міліцыя пакуль не каментуе сітуацыю.