БЕЛ Ł РУС

У мінскай прыватнай школе адзначылі Дзень расійскага сцяга. Што гэта было?

28.08.2018 / 10:54

У мінскай прыватнай школе «Інавацыя» правялі тэматычны дзень, прысвечаны расійскаму сцягу. Ён супаў з Днём дзяржаўнага сцяга Расійскай Федэрацыі, які з’яўляецца афіцыйным святам і адзначаецца 22 жніўня. На гэта звярнула ўвагу Дар’я Зялінская, піша Еўрарадыё.

Крышачку пра настаўнікаў.
Даведалася, што ў менскай прыватнай школе "Інавацыя" нядаўна святкавалі з дзеткамі... Дзень расейскага(!) сцягу. Таму ня ныйце, настаўнічкі, што вас прымушаюць, што вас душаць ідэолагі. Самі ўкладваеце нашым дзецям у галовы розную лухту.

— Дар'я Зялінская (@ruzhayadasha) 25 августа 2018 г.

Еўрарадыё датэлефанавалася да дырэктаркі школы Алены Мішчанка. Яна пацвердзіла, што Дзень расійскага сцяга ў «Інавацыі» сапраўды прайшоў. Але, кажа, гэта было не святкаванне, а тэматычнае мерапрыемства ў дзіцячым летніку на базе школы.

«У нас не толькі расійскага сцяга… У нас праводзяцца і дні Індыі, і іншых розных краін. Мы вывучаем культуры розных краін. У нас прыватная міжнародная ўстанова адукацыі, таму ў нас вучацца дзеці з розных краін. Таму мы павінны распавядаць не толькі візуальна, што такое сцяг Расіі ці ЗША, а чаму, напрыклад, на сцягу Амерыкі столькі таго, столькі таго. Гэта цэлыя комплексныя тэматычныя мерапрыемствы», — кажа дырэктарка «Інавацыі».

Дык а Дзень амерыканскага сцяга ў вас таксама быў?

«Так, быў, і мы на ім пра амерыканскі сцяг распавядалі», — дадае Алена Мішчанка.

Ва ўстанове навучаюцца дзеці дашкольнага ўзросту, а таксама вучні пачатковай і сярэдняй школ. Цяпер у школьнікаў канікулы, таму на яе базе і дзейнічае дзіцячы летнік. Акрамя Дня расійскага сцяга, у ім праходзілі Дзень перакрутаў, Дзень смеху, Дзень шпіёна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула