Палескія спевы, намінаваны на «Грэмі» гукарэжысэр ды рэкорды краўдфандынгу — Vuraj прэзентуе новы альбом «Літо»
паслухайце яго проста тут
«Што спяваеце?» — «Літо!» Вось так проста — адным словам «літо» — на Палессі называюць цыкл абрадавых песень, у якіх знайшлі адбітак звычаі, павер’і і ўяўленні нашага народа. Таксама называецца новы альбом гурта Vuraj, вядомых папулярызатараў беларускага фольку.
«Літо» — гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся.
Сяргей Доўгушаў і Vuraj на працягу 4 гадоў шукалі іх у экспедыцыях, знаходзілі і надавалі кожнай сваё адметнае «вурайскае» гучанне.
«Людзі сыходзяць, песні знікаюць, а нам хочацца дзяліцца гэтымі скарбамі з усім светам, даносіць палескую мову, мелодыі і тэксты, якім сотні год», — кажа лідар гурта, фалькларыст Сяржук Доўгушаў.
Гукарэжысэрам ды саўнд-прадзюсарам альбома выступіў намінант на «Грэмі» Томаш Рагула (Польшча). Запіс адбываўся на варшаўскай TR-Studio і студыі Everest у Мінску пры ўдзеле польскай скрыпачкі Караліны Матушкевіч і аўтэнтычнага гурта з Палесся «Вытокі».
Грошы на запіс альбома музыкі сабралі праз краўдфандынг, дзе гурт атрымаў рэкордную сярод музычных праектаў падтрымку.
Прадстаўляем вашай увазе Lito.
1 лістапада ў культурным хабе ОК16 адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбома. На сцэне да Vuraj далучацца гурт «Рада» (Мінск) і палескі калектыў «Вытокі», каб ператварыць канцэрт у сапраўднае палескае свята.