Падляшане, якія абудзілі беларусаў
Сыны ўніяцкіх святароў, якія сталі прафесарамі еўрапейскага ўзроўню. Міхал Баброўскі і Ігнат Даніловіч маглі ўсё жыццё прасядзець у цёплым месцы, але сталі шукаць сябе і пражылі захапляльнае жыццё. Пра гісторыю сяброўства, сварак, пошукаў і выпрабаванняў піша кандыдат сацыялагічных навук Павел Церашковіч.
Гісторыя гэта адбылася на пачатку эпохі, якую спецыялісты сёння называюць «доўгім ХІХ стагоддзем». Яно пачалося выбухам Французскай рэвалюцыі ў 1789 годзе, а скончылася развалам шматнацыянальных еўрапейскіх імперый (Расійскай, Аўстра-Венгерскай, Германскай) у 1917—1918 гадах. А яшчэ яго часта завуць «стагоддзем народаў», бо менавіта іх абуджэнне да вольнага жыцця і прывяло да кардынальнай змены палітычнай карты Еўропы. Як жа так сталася, што магутныя, поўныя бляску імперыі ў выніку прайгралі правінцыйным, пазбаўленым уласнай арыстакратыі і гісторыі «плебейскім» народам, чыім непаўнавартасным сялянскім гаворкам, як лічылася, наканаваны адзіны лёс — назаўсёды адысці ў небыццё?
Імперыі самі далі народам ключы
Інстынкт выжывання прымушаў імперскія ўлады пагаджацца на мадэрнізацыю: будаваць індустрыю, новыя шляхі камунікацыі. Усё гэта патрабавала масавай пісьменнасці, а значыць — масавай адукацыі і, адпаведна, вялікай колькасці настаўнікаў. Імі маглі станавіцца і тыя людзі, якім на працягу ранейшых стагоддзяў было лёсам наканавана быць толькі сялянамі і ў рэдкіх, вельмі рэдкіх, выпадках — парафіяльнымі святарамі. Дзеці вясковых настаўнікаў пераязджалі ў гарады, станавіліся юрыстамі, журналістамі, літаратарамі, прафесарамі. Натхнёныя ідэямі прагрэсу, яны марылі пра лепшую долю для сваіх народаў. У розных краях Еўропы: па-эстонску, па-брэтонску, па-славенску, па-славацку і на многіх іншых мовах — абмяркоўваліся адны і тыя ж сюжэты:
— Як дамагчыся лепшай долі, прагрэсу?
— Трэба зрабіць народ культурным, адукаваным.
— Як зрабіць гэта хутчэй?
— Трэба, каб школа працавала на роднай, зразумелай з дзяцінства мове.
— Дык яна ж вясковая, простая!
— Яна не горшая за іншыя, трэба толькі вывучыць яе, зрабіць правапіс, падручнікі, пісаць на ёй санеты, раманы, ставіць п’есы.
— А калі гэтаму перашкаджаюць?
— Трэба ўзяць свой лёс у свае рукі!
Так нараджаліся нацыянальныя рухі. Спачатку гэта было нешматлікае кола аматараў старасветчыны, пажаўцелых манускрыптаў, старадрукаў, збіральнікаў сялянскіх казак. І ўсё гэта рабілася толькі для таго, каб пакінуць успамін нашчадкам. Думак пра будучыню, прынамсі ўголас, не было.
Але на змену аматарам-летуценнікам прыходзяць «будзіцелі», агітатары за лепшую будучыню. Заснаваныя імі газеты і часопісы не адразу дасягалі поспеху. Для гэтага была патрэбна змена пакалення. А вось калі ў імперыях пачыналася аслабленне ўлады, нацыянальныя рухі рабіліся масавымі: узнікалі палітычныя партыі і раней ці пазней паўставала пытанне аб уладзе і ўласнай дзяржаве.
Віленская прафесура і яе шкодны ўплыў
Калі гэта пачалося ў Беларусі? Даследчык Павел Баброўскі пісаў, што «пасля Венскага кангрэсу (1815 год) у заходніх губернях утварылася малавядомая партыя, што мела на чале некаторых прафесараў Віленскага ўніверсітэта, якія хутчэй хацелі б аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага, марылі пра адраджэнне беларускай мовы, на якой быў выдадзены Літоўскі статут» (ён тады ўсё яшчэ дзейнічаў).
Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта. Карціна з Віленскага альбома Яна Казіміра Вільчынскага. 1850 год.
Міхаіл Каяловіч, праўрадавы гісторык і ідэолаг заходнерусізму, таксама ўзгадваў «невялікую групу палякаў», якія прыходзілі да высновы, што «яны не палякі, а тым больш не польскі народ іх краіны», і «задумалі аднавіць (у навуцы) самастойнасць заходняй Расіі». Пісаў пра гэта і стваральнік грунтоўнай гісторыі Віленскага ўніверсітэта Юзаф Бялінскі: «Пасля войнаў Напалеона, калі ў розных краінах пачала абуджацца ідэя нацыянальнасці, у Вільні група моладзі, галоўным чынам сыны ўніяцкіх святароў, у пошуках сваёй нацыянальнасці і рэлігіі пачалі збіраць і чытаць старыя пергаменты… На чале гэтай групы сталі Міхал Баброўскі і Ігнат Даніловіч».
Хто ж яны такія, гэтыя згаданыя прафесары?
Абодва яны, Міхал Баброўскі (1784—1848) і Ігнат Даніловіч (1788—1843), нарадзіліся ў сем’ях уніяцкіх святароў на Беласточчыне, недалёка ад Бельска-Падляшскага. З вялікай доляй верагоднасці яны б паўтарылі лёс сваіх бацькоў, але адкрыццё Віленскага ўніверсітэта стварыла для іх новыя магчымасці, якія мы сёння завём ліфтам сацыяльнай мабільнасці: Міхал стаў філолагам і багасловам, Ігнат — юрыстам. Абодва выдатна вучыліся, а пасля заканчэння ўніверсітэта засталіся ў ім выкладчыкамі. Ім прадказвалі бліскучую акадэмічную кар’еру, якая прадугледжвала працяглую стажыроўку ў прызнаных цэнтрах навукі і ўніверсітэцкай адукацыі. У 1817-м абодва выбіраюцца ў вандроўкі: Даніловіч — у Варшаву, Маскву і Санкт-Пецярбург, Баброўскі — у Прагу, Вену, Венецыю, Балонью, Рым, Парыж. Ігнат вярнуўся ў Вільню праз два гады, Міхал — праз пяць.
Міхал Баброўскі.
Гэтыя пяць гадоў стажыровак вартыя асобнай публікацыі, магчыма, нават у стылі прыгодніцкага рамана. Падчас іх Баброўскі меў безліч сустрэч з самымі вядомымі вучонымі-славістамі таго часу, у шматлікіх бібліятэках і архівах даследаваў славянскія рукапісы і старадрукі.
Ён карыстаўся магчымасцямі, каб вывучаць мовы: авалодаў ажно сямнаццаццю, у тым ліку арабскай.
Ігнат Даніловіч.
У 1824-м у сувязі з судом над актывістамі таемных студэнцкіх таварыстваў філарэтаў і філаматаў Баброўскі і Даніловіч былі звольненыя з працы.
Следчыя не даказалі непасрэднага ўдзелу прафесараў у дзейнасці гэтых арганізацый, але іх разам з гісторыкам-дэмакратам Іаахімам Лялевелем падазравалі ў «шкодным» ідэйным уплыве на студэнтаў.
Пасля гэтага лёс развёў сяброў па розных шляхах.
Рассварыліся: «Было б добра, каб ён ажаніўся, але не з казачкай!»
З 1824-га Ігнату было забаронена жыць у беларуска-літоўскіх губернях, што не паўплывала на яго акадэмічную кар’еру: ён працаваў прафесарам у Харкаўскім, Кіеўскім і Маскоўскім універсітэтах. Міхала з радзімы не высылалі, але пазбавілі магчымасці выкладаць: спачатку на два гады (1824—1826), а пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта — назаўсёды. Апошнія пятнаццаць гадоў жыцця Міхал Баброўскі, навуковец з еўрапейскай вядомасцю, прафесар экзэгетыкі і герменеўтыкі, сябар Парыжскага і Лонданскага азіяцкіх таварыстваў, Археалагічнай акадэміі ў Рыме, Маскоўскага таварыства гісторыі і старарускай пісьменнасці, Камітэта па выпрацоўцы харвацкага правапісу ў Далмацыі, выконваў абавязкі простага парафіяльнага святара ў мястэчку Шарашова на Берасцейшчыне, недалёка ад Белавежскай пушчы.
З цягам часу змяняліся і погляды, і ў пэўнай ступені ідэнтычнасць сяброў. У Харкаўскім універсітэце Даніловіч зблізіўся з мясцовай суполкай выкладчыкаў-«украінафілаў». Іх ідэі настолькі захапілі яго, што выклікалі незадавальненне Баброўскага. У лістах да супольнага сябра Іаахіма Лялевеля ён неаднаразова пісаў, што «падлясянін» (так ён часта называў Даніловіча ў ліставанні), «як бачна, цалкам схохліўся або таксама аказачыўся», што «было б добра, каб ён ажаніўся, але не з казачкай», і што трэба «Ігната перацягнуць са сталіцы хахлоў у сталіцу Ягелонаў». З другога боку, і сам Баброўскі ў сярэдзіне 1820-х пераходзіць на пазіцыі панславізму. Будучыню славянскіх народаў ён бачыў не ў нацыянальным адраджэнні, а ў вяртанні да адзінай царкоўнаславянскай мовы, выкладанні яе ў школах і семінарыях. Цікава, што Баброўскі прапаноўваў нават польскую мову перавесці на кірылічны алфавіт, таму што ў лацінцы «не ўсе пазначэнні гукаў адпавядаюць гучанню польскай мовы».
Ва ўсім гэтым нічога дзіўнага няма. Гэта была яшчэ не тая эпоха, калі сказ «Люблю Беларусь» значыў, што гэта пачуццё адналюба на ўсё астатняе жыццё. Так было і ў іншых народаў. Дастаткова ўспомніць лёс так званай «Рускай тройцы» — выдаўцоў першага заходнеўкраінскага часопіса «Русалка Днястровая»: Іван Вагілевіч пазней далучыўся да польскага руху, а Якаў Галавацкі эміграваў у Расійскую Імперыю, дзе ўзначаліў Віленскую археаграфічную камісію і пераўтварыўся ў адданага апалагета заходнерусізму. Шмат якія навукоўцы-збіральнікі не хавалі скептыцызму адносна будучыні сваіх народаў. Так, Фрыдрых Фельман, аўтар ідэі эстонскага эпасу «Калевіпоэг», лічыў, што шанцаў на існаванне самастойнай эстонскай нацыі няшмат. Падобнай думкі ў дачыненні да лёсу чэхаў меў і Ёзэф Добраўскі, з якім Баброўскі быў асабіста знаёмы і падтрымліваў ліставанне.
«Назвы «Літва» і «Беларусь» ніколі не ўжываць»
На працягу пяці гадоў Даніловіч працаваў у камісіі Міхаіла Спяранскага, мэтай якой было ўпарадкаванне і перавыданне зводу беларуска-літоўскіх законаў. Здавалася, што навуковая праца Даніловіча набудзе і практычны сэнс. Але, калі ўсё было нарэшце падрыхтавана, улада вырашыла іначай: у 1840-м «для выдалення ў жыхароў Паўночна-Заходняга края ўсякай думкі аб самастойнасці іх заканадаўства, якая можа служыць перашкодай да зліцця іх з карэннай Расіяй» Статут ВКЛ быў скасаваны. Ці было гэта выпадковым? Зусім не. Амаль адначасова, 18 ліпеня 1840 года, Мікалай І выдаў адзін з самых дзіўных загадаў часоў свайго царавання. На подпіс яму быў пададзены руцінны дакумент, у якім згадваліся Беларусь і Літва. Імператар закрэсліў іх і на палях пазначыў: «Надалей гэтыя назвы ніколі не ўжываць, а прапісваць губерні пайменна». Праз тое, што прапісваць усе дзевяць губерняў кожны раз пайменна было нязручна, з цягам часу за гэтым абшарам замацоўваецца новая казённая назва — Паўночна-Заходні край Расіі. Для паўнаты карціны трэба дадаць, што годам раней адбыўся Полацкі сабор, і, паводле трапнага выказвання Аляксандра Герцэна, «Мікалай з набожнай лютасцю высек уніятаў у праваслаўныя».
Філарэты і філаматы. Зверху — Тамаш Зан і Ігнат Дамейка, у цэнтры — Адам Міцкевіч, знізу — Антоній Эдвард Адынец і Ян Чачот.
Так гады напружанай працы Ігната Даніловіча пайшлі намарна. Здароўе прафесара не вытрымала гэтага выпрабавання. У 1843-м ён выправіўся на лячэнне ў Сілезію — курорт Грэфенберг. Але было ўжо позна. Нямецкія дактары не далі рады. Міхал Баброўскі перажыў Даніловіча на 5 гадоў і памёр у сваім Шарашове ў 1848-м ад халеры. Сабраная сябрамі багатая калекцыя старадрукаў і рукапісаў разышлася па руках, значная частка страчаная назаўсёды. Такі сумны фінал гісторыі двух сяброў.
Але ў той жа час іх дзейнасць была пачаткам таго, што мы сёння завём нацыянальным адраджэннем. Сярод тых, на каго «шкодна» паўплывалі прафесары Баброўскі і Даніловіч, быў заснавальнік беларускай фалькларыстыкі Ян Чачот. Ад яго абазнанаму чытачу няцяжка давесці стужку нацыянальнага руху да сённяшніх дзён.