БЕЛ Ł РУС

«Стаю, баюся паварушыцца». Лаліта cпыніла канцэрт у Магілёве з-за дрэннага самаадчування. Яе адвезлі ў бальніцу

20.11.2018 / 09:30

Nashaniva.com

Фота Галіны Гаўрыловіч

Расійскія спявачка Лаліта Міляўская, што выступае з канцэртамі ў Беларусі, вымушана была спыніць канцэрт у Магілёве з-за дрэннага самаадчування. Выступ праходзіў у Лядовым палацы, паведамляюць «Магілёўскія ведамасці».

Яшчэ напярэдадні выступу ў яе рэзка падскочыў ціск. Медыкі паспрабавалі яго збіць, але нічога не выйшла. Лаліта пачувалася блага. Нягледзячы на ​​гэта, яна пачала сольнік, нават выканала некалькі песень і спрабавала жартаваць:

 — 55 гадоў — гэта калі рок-н-рол сышоў назаўсёды. У мяне рэальна шыбануў ціск. Стаю, баюся паварушыцца. Выбачайце, калі ласка…

У выніку спявачцы ўсё ж такі прыйшлося пакінуць сцэну. Па некаторых звестках, яе з Лядовага палаца хуткая дапамога адвезла ў адну з магілёўскіх бальніц.

Ці будзе перанесены канцэрт, стане вядома праз два тыдні. У адваротным выпадку гледачам вернуць грошы, паведаміў прадстаўнік спявачкі.

Цікава, што перад гэтым Лаліта ў сваім інстаграме падзялілася ўражаннямі пра Беларусь, напісала пра людзей-працаголікаў, назвала краіну «выдатнай».

Праўда, яна таксама напісала, што брат яе мужа — Дзмітрыя Іванова — цяжка хворы, яго не здолелі паставіць на ногі ў Магілёве, і толькі дзякуючы таму, што яна спявачка і ў яе ёсць сябрoўка Аніта Цой, — яна цяпер ратуе свайго сваяка ў маскоўскім шпіталі.

Частка каментатараў стала зычыць хутчэйшага выздараўлення сваяку, але частка ўлезла ў дыскусію, як правільна пішацца назва краіны, бо Лаліта напісала: «Белоруссия». У выніку Лаліта не вытрымала і паслала ўдзельнікаў дыскусіі.

«Гэта з чаго раптам я павінна перавучвацца? Можа, вы спачатку пачняце лячыць у шпіталях? А потым правапісам зоймемся? За***.. правапісам», — напісала яна.

Ейны допіс сабраў больш за 1000 каментароў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула