Лукашэнка назваў галоўныя прычыны прызначэння новага мэра Мінска: Надышоў час уставіць мазгі кіраўнікам адміністрацый
Аляксандр Лукашэнка назваў галоўныя прычыны адстаўкі Андрэя Шорца і прызначэння новым мэрам Мінска Анатоля Сівака.
Учора на семінары-нарадзе, якая была прысвечана жыллёваму будаўніцтву, Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў продаж нерухомасці ў Цэнтральным раёне Мінска. На фота: чарга каля дзвярэй Упраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) Цэнтральнага раёна Мінска ў лістападзе 2017 года. Фота Улада Швядовіча. (Чытайце таксама: Продаж танных кватэр у Мінску скончыўся скандалам.)
Пры прызначэнні новага старшыні Мінскага гарвыканкама кіраўнік дзяржавы, як перадае БелТА, звярнуў увагу, што у 2019 годзе Беларусь будзе прымаць II Еўрапейскія гульні, а таму Мінск трэба падрыхтаваць да гэтага міжнароднаму спартовага форуму, зрабіць яго ўтульным і прывабным для гасцей, каб яны і ў будучыні прыязджалі ў якасці турыстаў.
Па-другое, Лукашэнка ўсклаў на мэра Мінска і ўсю вертыкаль улады адказнасць за будучыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. «Мы павінны падысці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы», — сказаў Лукашэнка.
Па-трэцяе, ён звярнуў увагу на карупцыю, якая «бытуе ў горадзе» і на «агромністую кіраўнічую вертыкаль» у Мінску.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што нейкі час нават стаяла пытанне аб скарачэнні колькасці адміністрацый у раёнах горада. Аднак на гэты крок не пайшлі дзеля зручнасці людзей.
«Яны прывыклі вырашаць свае пытанні там. А вось мазгі ўставіць кіраўнікам адміністрацый і тым дробным чыноўнікам, што там ёсць, трэба», — падкрэсліў Лукашэнка.
Па-чацвёртае, паводле яго слоў трэба падабраць на пасады людзей, «каб яны былі з горада і ведалі горад».
«Думаю, што з многімі ў гарвыканкаме прыйдзецца расстацца. Але не крыўдзі людзей, якія адданыя дзяржаве і хочуць працаваць у горадзе разам з табой. Часу няшмат — тры тыдні. Трэба разабрацца і падумаць, з кім будзеш працаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы Анатолю Сіваку. — Хацелася б, каб кадры, якія табе прыйдзецца падбіраць разам з кіраўніком Адміністрацыі, каб яны былі з горада і ведалі горад. Не трэба чыгунку, аўтамабільны транспарт, паветраны і рачны цягнуць туды за сабой. Думаю, у цябе дастаткова сваіх думак пра кадравую палітыку, і веданне людзей, аўтарытэт дапамогуць табе падабраць і прапанаваць на кіруючыя пасады або прызначыць тых людзей, якія будуць працаваць і выконваць тыя задачы, якія трэба».
Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што нельга панізіць цяперашнюю планку ў развіцці горада: «Мінск у нас дагледжаны, цудоўны, прыгожы горад. Трэба надаць належную дынаміку».
Што тычыцца Андрэя Шорца, то паводле Лукашэнкі «прыбавіць так, як гэта трэба, ён не можа». Ён будзе пераведзены на іншую пасаду.