Прэзідэнт Нігерыі абвергнуў інфармацыю, што яго замянілі клонам
Фота з Вікіпедыі
Прэзідэнт Нігерыі Махамаду Бухары абвергнуў чуткі пра тое, што ён памёр і быў заменены на клона. Пра гэта піша The Guardian.
«Гэта рэальны я, запэўніваю вас. Неўзабаве адсвяткую свой 76-ы дзень нараджэння», — паведаміў кіраўнік дзяржавы на канферэнцыі ў Польшчы.
Паводле яго слоў, многія спадзяваліся, што ён памёр падчас працяглай хваробы ў 2017 годзе. «Некаторыя нават звярнуліся да віцэ-прэзідэнта з просьбай разгледзець іх кандыдатуру ў якасці яго намесніка, бо лічылі мяне мёртвым. Гэта ўсхвалявала яго, і, вядома, ён наведаў мяне, калі я аднаўляўся ў Лондане», — распавёў Бухары. Палітык дадаў, што распаўсюднікі падобнай інфармацыі — невукі і нерэлігійныя людзі.
Такім чынам кіраўнік дзяржавы пракаментаваў інфармацыю, што актыўна цыркулюе ў сацсетках ўжо некалькі месяцаў. Чуткі пра тое, што яго падмянілі двайніком з Судана па імені Джубрыл, распаўсюджваюць у тым ліку і некаторыя з палітычных апанентаў прэзідэнта.
Бухары споўніцца 76 гадоў 17 снежня. У лютым ён мае намер пайсці на чарговыя прэзідэнцкія выбары.