БЕЛ Ł РУС

Утаямнічаныя

11.12.2008 / 15:30

Nashaniva.com

Імпрэсіі з прэм’еры «Дзень Максіма», што прайшла ў Беларускай Філармоніі. Піша Павал Касцюкевіч + фотарэпартаж.

А зала чакала. Грамадзянскую вайну, руска‑польскую вайну, калектывізацыю, Другую сусветную, Халакост, стрэс вёскі, Чарнобыль.

Сярод лірычных русалчыных спеваў, сярод вадзянікаў і лесуноў. Бо надта тое было смутна і радасна ўвадначассе. Як сненне. Як тое, што не можа быць на гэтай зямлі. Як быццам зніклі Сцыла і Харыбда, і Адысэй вольны ў моры.

Заўсёды ўражвала багацьце беларускай мовы для апісання аднаго стану душы: жалобны, журботны, маркотны, смутны, сумны, тужлівы. Але тут мова бездапаможна маўчала — гаварыў паэт.

Але зала чакала. Чужое сілы, якае перарве бялюткія прасціны, што луналі заглушыць шчымлівыя згукі блакіту па‑над зямлёй. Чакала бота на горла.

А бота не было. Містэрыя без акупацыі жыла сваім жыццём. Не прасякаючыся з рэальнасцю, з гісторыяй.

Рэчаіснасць выявілася бляднейшай ў параўнанні з узвівам фантазіі і неяк так сарамяжліва схавалася ў прыпечку.
Зазвычай надакучлівая зязюля гэтым разам зрабіла выгляд, што яна стравус. Усе гадзіннікі спыніліся і цыферблаты сцяклі долу. Гэта нагадвала вырай, як яго апісваюць у марах.

Ці ўяўляеце вы Багдановіча без вусоў? Ці ўяўляеце па‑іншаму, не з таго школьнага партрэту, калі Максім у шынялі?

Бог няроўна дзеліць.

Вось наша дваццатае стагоддзе разламалася на дзве такія няроўныя палоўкі. Да сямнаццатага году і пасля. Да смерці Максіма і пасля яе.
Багдановіч жыў, можа, у перадбур’і, але ў адносным бясчассі. Дзякуй Табе, яму не давялося, як іншым нашым тытанам бегчы навыперадкі з часам, моў Самсон змагацца з ім, напінаючы нерв, ашукваючы, паддобрываючы, здраджваючы сабе і блізкіх, прыносячы яму крывавыя ахвяры. Напэўна, проста пашчасціла. Паглядзіце які ён слабы.

Дзякуй Табе, што не паклаў Максіма ў пракруставы ложак дваццатага стагоддзя, а таму ён ня мог быць «пралетарскім», «прагрэсіўным», пракручаным вакол уласнай восі, з прастрэленым на патыліцы чэрапам.

Дзякуй: яго не паспелі змусіць уласнымі рукамі зруйнаваць гэты нябачны, але такі моцны мур паміж творцам і астатнімі людзьмі.

«Дзень Максіма» — персаніфікацыя, увасабленне, утаямнічванне. Рытуал пераходу Максіма з адной якасці ў другую, калі ён завіслы ў пераходзе, імкнецца ўцелавіцца ў нас.

Можа, трохі вагаючыся (ці варта?), так і стаяў(ла) ён (яна) на сцэне. Дзе няма часу, дзе блытаюцца мужчынскае і жаноцкае, дзе мама вечна маладая, дзе Беларусь маладая. …Я не самотны…

Смерці няма.

Павал Касцюкевіч

Гурт «In Search For» выканаў некалькі новых песень на вершы Багдановіча ў рокавай апрацоўцы.

Вольскі.

Святлана Зелянкоўская.

Вольфгангу Амадэевічу спадабалася.

Святлана Зелянкоўская. Чым не твар Беларусі?

Фатаздымкі Салідарнасці

Імпрэза адбылася ў рамках кампаніі "Будзьма".

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула