БЕЛ Ł РУС

Багданкевіч: Беларусь на мяжы спусташэння ЗВР

11.12.2008 / 20:06

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Выйсце экс‑кіраўнік Нацбанка бачыць у «плаўнай дэвальвацыі» беларускай нацыянальнай валюты на 20‑30% на працягу 2009 года.

Беларусь стаіць на мяжы страты сваіх золатавалютных рэзерваў, заявіў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч 11 снежня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

«Сёння рэзервы ў нас толькі 3 млрд. долараў. Мы 1 млрд. долараў «з’елі» літаральна за апошні месяц», — заявіў экс‑кіраўнік Нацбанка.

На яго думку, калі золатавалютныя запасы будуць скарачацца такімі тэмпамі, то хутка іх у краіны наогул не застанецца.

Выйсце з наяўнай сітуацыі экс‑кіраўнік Нацбанка бачыць у «плаўнай дэвальвацыі» беларускай нацыянальнай валюты на 20‑30% на працягу 2009 года, а таксама ў вырашэнні праблемы дэфіцыту гандлёвага балансу.

С.Багданкевіч лічыць, што банкаўская сістэма Беларусі сёння нагадвае «бурбалку, якая можа лопнуць».

Згодна са звесткамі Нацбанка, міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, на 1 снежня 2008 года склалі 3 млрд. 775 млн. долараў ЗША, скараціўшыся за лістапад на 276,8 млн. долараў. Аднак

Нацбанк не раскрывае інфармацыю, ці ўключаны ў гэтую статыстыку 1 млрд. долараў атрыманага ў лістападзе расійскага крэдыту. Калі ён таксама адлюстраваны ў гэтых звестках, то скарачэнне золатавалютных запасаў краіны за лістапад склала 1 млрд. 276 млн. долараў.

Скарачэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі адзначаецца на працягу чатырох месяцаў — на 68,1 млн. долараў ЗША ў кастрычніку, на 459,7 млн. долараў у верасні і на 44,6 млн. долараў у жніўні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула