БЕЛ Ł РУС

У Беларусі з'явяцца новыя дарожныя знакі

3.01.2019 / 10:41

Nashaniva.com

Змены ў СТБ 1300-2014 «Тэхнічныя сродкі дарожнага руху. Правілы прымянення» ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2019 года, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Новым стандартам вызначаны знакі аўтазаправачных станцый (асобных альбо сумешчаных), на якіх маецца абсталяванне для падзарадкі электрамабіляў.

Яшчэ адно новаўвядзенне ў тым, што адпадзе неабходнасць ва ўсталяванні дарожных знакаў «Штучная няроўнасць» і размалёўванні «спячых паліцэйскіх» у жылых зонах і ў дварах, дзе хуткасць руху транспартных сродкаў абмежаваная 20 км/г. І гэта зразумела: пры такой хуткасці «спячага паліцэйскага» лёгка ўбачыць, адпаведна, падвеска аўтамабіля пры праездзе праз перашкоду не будзе пашкоджаная.

Знакі з выявай мамы з дзіцем плануецца размяшчаць у раёне пешаходных пераходаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, дзіцячых садкоў. 

Змены закранулі і парадак руху сумесна па тратуары пешаходаў і веласіпедыстаў. Новыя знакі падкажуць удзельнікам руху, дзе пачынаецца і сканчаецца пешаходная або веласіпедная дарожка і хто пры гэтым карыстаецца перавагай.

Новаўвядзеннем стануць і знакі, якія паказваюць кіроўцам аб наяўнасці пунктаў абслугоўвання сістэмы электроннага збору платы за праезд, а таксама схемы праезду да гэтых аб'ектаў. Гэтая інфармацыя будзе карысная карыстальнікам платных аўтамабільных дарог Беларусі.

Раней выкарыстанне інфармацыйных шчытоў «Кантроль рэжыму руху» з надпісам «Radar Фота Кантроль» не рэгламентавалася СТБ. Цяпер стандарт дапускае ўсталяванне такіх знакаў у месцах размяшчэння камер фота- і відэафіксацыі на адлегласці 50—100 м ад камеры ў населеных пунктах і на адлегласці 150—300 м ад камеры — за населенымі пунктамі. Пры гэтым знак дублюецца на дарогах з раздзяляльнай паласой.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула