БЕЛ Ł РУС

Камуніст Калякін: У беларускіх умовах адзіны кандыдат перашкаджае, а не дапамагае рабоце

16.01.2019 / 20:50

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін распавёў «Беларускаму партызану», чаму не падтрымлівае вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары і ці будзе сам браць удзел у прэзідэнцкай гонцы.

— Сяргей Іванавіч, а ваша партыя ўжо вызначылася з удзелам ці няўдзелам у прэзідэнцкіх выбарах?

— Гэтае пытанне дагэтуль не вырашана. Але мы будзем яго разглядаць. У нас ёсць некалькі кандыдатаў, якія могуць пайсці на выбары. І партыя будзе ўдзельнічаць у выбарах. Але ў дадзены момант сказаць, хто канкрэтна пойдзе, не магу. Проста не ведаю.

— А ў праймерыз вы не ўдзельнічаеце?

— Не. Мы не бачым у гэтым ніякага сэнсу. Для роднасных палітычных арганізацый, у якіх вельмі блізкія пазіцыі па геапалітыцы, сацыяльна-эканамічнай сферы — гэта яшчэ прымальна, таму што, выбіраючы адзінага кандыдата, яны аб'ядноўваюцца і сумесна прапагандуюць свае каштоўнасці.

А калі гэта прадстаўнікі розных палітычных сілаў, з зусім рознымі падыходамі да розных пытанняў, то ў выніку аб'яднання яны не толькі нічога не набываюць, але і губляюць! Таму што напісаць праграму такому кандыдату вельмі складана — трэба ўсе спрэчныя пытанні выкрэсліваць, а, як правіла, яны бываюць вельмі важныя для простых людзей.

І ў выніку атрымліваецца такая травяністая праграма, якая не дае магчымасці не толькі прыцягнуць новых людзей, але і мабілізаваць сваіх прыхільнікаў. А ў шэрагу выпадкаў наогул вядзе да страты прыхільнікаў.

Таму ў цяперашніх беларускіх умовах я не бачу ў праймерыз зусім нічога станоўчага. Тым больш што ўсе мы разумеем: сапраўдных выбараў няма, гэта толькі палітычная, практычна мабілізацыйная кампанія па актывізацыі сваіх прыхільнікаў, па прыцягненні новых людзей.

У гэтым выпадку адзіны кандыдат перашкаджае, а не дапамагае працы.

— Па-вашаму, яго наогул не варта выбіраць?

— Так, у беларускіх умовах гэта не мае сэнсу. Калі няма магчымасці атрымаць рэальную перамогу на выбарах, можна толькі прасоўваць свае ідэі і погляды ў масы, павялічваць шэрагі сваіх прыхільнікаў, мабілізаваць іх да працы. А з адзіным кандыдатам сэнс ва ўсім гэтым губляецца…

— Але калі ісці на выбары, так бы мовіць, усім натоўпам, то ўлада зноў можа намаляваць асноўным кандыдатам 100 000 сабраных подпісаў…

— Дык яна і адзінаму кандыдату іх намалюе! Я, дарэчы, упэўнены, што кандыдат ад правацэнтрысцкай кааліцыі па афіцыйных даных зойме апошняе месца на прэзідэнцкіх выбарах, прычым з мінімальнай колькасцю галасоў. І вынік зусім не будзе залежаць ад таго, хто прагаласуе за гэтага кандыдата. А калі ісці на выбары, як вы кажаце, натоўпам, то ўсім намалююць маленькі працэнт падтрымкі, але разам атрымаецца нядрэнны вынік. Не адзін працэнт, а, скажам, 10. А адзіны кандыдат атрымае мінімум галасоў пры падліку. Канечне, аналізаваць тыя лічбы, якія малюе ўлада на выбарах, — няўдзячная справа. І будаваць на гэтым нейкі разумны аналіз немагчыма. Таму што калі вы пойдзеце да людзей, якія падзяляюць вашыя памкненні — будзе зусім іншы вынік. І кожная партыя зможа такім чынам працаваць са сваім сектарам і ўзмацняць свой уплыў. У Мінску, дапусцім, такі падыход дасць магчымасць агулам узмацніць уплыў апазіцыі.

— Сяргей Іванавіч, а ў вас у самога ёсць жаданне схадзіць на прэзідэнцкія выбары?

— Складанае пытанне… Паход на прэзідэнцкія выбары — гэта не паездка на курорт. А сур'ёзная праца, з сур'ёзнымі выдаткамі — энергетычнымі і маральнымі. Але з іншага боку, можа скласціся такая сітуацыя, калі мне давядзецца ўдзельнічаць…

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула