БЕЛ Ł РУС

Памёр распрацоўшчык аперацыі па выратаванні дыпламатаў ЗША з Ірана ў 1980 годзе

21.01.2019 / 09:59

Nashaniva.com

Тоні Мэндэс паслужыў правобразам галоўнага героя фільма «Аперацыя Арго»

Экс-супрацоўнік ЦРУ Тоні Мэндэс памёр ва ўзросце 78 гадоў у доме састарэлых у горадзе Фрэдэрык у штаце Мэрылэнд. Мэндэс пакутаваў на хваробу Паркінсана.

Тоні Мэндэс уступіў у ЦРУ ў 1965 годзе, праслужыўшы ва ўпраўленні 25 гадоў. Да гэтага ён працаваў дызайнерам у канструктарскім бюро. У ЦРУ Мэндэс займаўся падробкай дакументаў, рыхтаваў прыкрыццё і капіяваў схемы, неабходныя для правядзення аперацый у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі і Блізкага Ўсходу.

У 1980 годзе Мэндэс быў узнагароджаны медалём за заслугі ў разведцы пасля правядзення аперацыі «Канадская хітрасць» па выратаванні шасці дыпламатаў ЗША з рэвалюцыйнага Ірана.

У 1979 году ісламісцкія апалчэнцы захапілі 66 супрацоўнікаў амерыканскага пасольства ў Тэгеране, яшчэ шасцярым удалося схавацца ў рэзідэнцыі пасла Канады. Мэндэс прапанаваў вывезці дыпламатаў з Тэгерана пад выглядам кінагрупы ў Канаду, выкарыстоўваючы падробленыя канадскія пашпарты. План спрацаваў, і ў канцы студзеня 1980 года дыпламаты змаглі вылецець з Тэгерана ў Цюрых, а адтуль вярнуцца на радзіму.

У 2012 годзе Бэн Афлек зняў карціну «Аперацыя «Арго» па матывах аперацыі «Канадская хітрасць», у якой сыграў ролю Мендэса. У 2013 годзе фільм атрымаў тры «Оскары» ў намінацыях «Найлепшы фільм», «Найлепшы мантаж» і «Найлепшы адаптаваны сцэнар».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула