БЕЛ Ł РУС

П'яны шматдзетны бацька з Паставаў скраў машыну супрацоўніцы райвыканкама

19.02.2019 / 12:43

Nashaniva.com

Дзёрзкае злачынства было здзейснена на плошчы Леніна каля Пастаўскага райвыканкама, дзе супрацоўніца ўстановы прыпаркавала свой Citroen. Праз некаторы час яна выявіла, што аўто са стаянкі знікла, і паведаміла пра гэта ў дзяжурную частку міліцыі. Пастаўскім аператыўнікам хапіла менш за гадзіну, каб знайсці згоншчыка і вярнуць аўто уладальніцы, паведамляе sb.by.

Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Пастаўскага РАУС маёр міліцыі Дзмітрый Шыман падзяліўся падрабязнасцямі:

- Зламыснік скарыстаўся тым, што пацярпелая няшчыльна зачыніла дзверы аўтамабіля, пакінуўшы ў ім ключ запальвання і дакументы на транспарт. Гаспадыня прызналася, што паступала так не аднойчы, але не меркавала, чым можа абярнуцца такая бестурботнасць. Мы апавясцілі ўсе ўборы і аб'явілі план «Перахоп». Следча аператыўная група зняла запісы відэаназірання з месца здарэння. Машыну ў горадзе выявіў начальнік РАУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Гарус на плошчы Камсамольскай каля крамы «Купалінка». Наш супрацоўнік Яўген Курыловіч затрымаў у ёй жыхара райцэнтра, які і аказаўся галоўным падазраваным. Высветлілі, што менавіта ён скарыстаўся бестурботнасцю ўладальніцы Citroen. На скрадзеным аўто прыехаў да свайго неаднаразова судзімага таварыша, які замяніў яго за рулём і разам яны адправіліся ў краму. Таварыша падазраванага таксама затрымалі, каб вызначыць яго дачыненне да злачынства. Мужчыны абодва знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Па факце згону ўзбуджаная крымінальная справа супраць бацькі чацвярых дзяцей, які працуе будаўніком. Санкцыі па артыкуле 214 частцы 1 КК РБ прадугледжваюць у тым ліку абмежаванне волі да пяці гадоў, або яе пазбаўленне на той жа тэрмін. Раней падазраваны меў праблемы з законам: быў судзімы за рабаванне, але ўсе судзімасці пагашаны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула