Жонка Зяленскага распавяла, як яе муж накрычаў на Каламойскага
Жонка новаабранага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Алена заявіла, што яе муж не гатовы ісці на саступкі прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, але гатовы весці перамовы з Расіяй у прысутнасці міжнародных лідараў.
Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю The Daily Beast.
«Немагчыма пачаць з нуля. Я не думаю, што ў бліжэйшы час будуць прамыя двухбаковыя перамовы. Уладзімір не гатовы ісці на саступкі перад агрэсарам, але ён гатовы весці перамовы з Расіяй у прысутнасці міжнародных лідараў», — сказала Зяленская.
Таксама яна заявіла, што за апошнія 5 гадоў большасць палітыкаў перасталі ўспрымаць гумар «95 Квартала» з годнасцю.
Пасля гэтага, па яе словах, яны вырашылі, што «трэба нешта рабіць, каб не ператварыцца ў Расію».
Таксама, па словах Зяленскай, яе «дэмакратычнаму мужу будзе лёгка быць слугой народа, а не гаспадаром».
«Уладзімір ніколі не стане чыёйсьці марыянеткай», — сказала Зяленская.
Паводле яе слоў, у 2015 годзе Зяленскі змагаўся супраць цэнзуры алігарха.
«У нас быў знакаміты скандал, калі Каламойскі адмяніў трансляцыю нашага палітычнага сцэнічнага шоу на сваім тэлеканале 1+1 з-за палітычных жартаў. Уладзімір патэлефанаваў яму па тэлефоне і закрычаў так гучна, што я падумала, што мы ніколі больш не будзем паказваць нашы перадачы па тэлевізары», — распавяла яна і назвала гэта «пераломным момантам».
Яна заявіла, што даволі сур'ёзна ставіцца да барацьбы за свабоду, асабліва за свабоду слова. Асабліва адносна забойстваў журналістаў і актывістаў, у прыватнасці, Паўла Шарамета і актывісткі Кацярыны Гандзюк.
«Журналістаў і актывістаў забіваюць — гэта найгоршы кашмар; праходзяць гады і злачынствы не расследуюцца. Цяпер мы спадзяемся ўбачыць справядлівасць, пачынаючы з расследавання расстрэлаў на Майдане падчас рэвалюцыі», — сказала яна.