У Магілёве развітваюцца з забітым міліцыянерам ФОТЫ
дапаўняецца
У Магілёве сёння развітваюцца з 22-гадовым Яўгенам Патаповічам — супрацоўнікам міліцыі, якога забілі ў чацвер, 16 мая.
Выглядае, што развітацца прыйшла большая частка асабовага складу Магілёўскай міліцыі. Недзе 40 чалавек у форме ДАІ стаяць наўпрост ля развітальнай залы і маленькімі групамі заходзяць ва ўнутр. Таксама перыядычна прыходзяць з кветкамі ці вянкамі проста міліцыянеры.
Прыносяць вянкі і іншыя сілавыя ведамствы: напрыклад, прыйшло кіраўніцтва пракуратуры. А таксама кіраўніцтва гарвыканкама.
Маці хлопца глядзіць скрозь труну, з двух бакоў яе падтрымліваюць жанчыны, выціраючы слёзы то ёй, то сабе.
Праз паўгадзіны ад пачатку ў труне — у нагах — больш няма месца для кветак, іх кладуць побач.
Сябры лейтэнанта адмаўляюцца гаварыць з незнаёмымі.
Чалавек, які, як выглядае, кіруе развітаннем, не можа дакладна адказаць, ці будзе на развітанні міністр Шуневіч.
Доўгай калонай зайшлі ў развітальную залу міліцыянеры, ля труны засталася толькі маці, бацька — былы міліцыянер — стаіць троху далей, афіцэры асабіста падыходзяць паціснуць яму руку.
Сябры сям’і, якія падтрымліваюць маці, кажуць толькі: «Беражыце сябе».
З Мінска прыехаў Іван Кубракоў, начальнік мінскай міліцыі, начальнік АМАПа Дзмітрый Балаба.
З жадаючых развітацца з лейтэнантам утварылася чарга, людзей дадалося пад 11 гадзін. Стаяць на вуліцы з кветкамі простыя магілёўцы.
Пару соцень чалавек праводзяць труну з целам загінулага. Міліцыянеры ідуць калоннай па 3 чалавекі. А замыкае калону міліцэйскі аркестр.