Турцыя прыстрашыла Еўрасаюз новай хваляй бежанцаў з Сірыі
Турцыя прыстрашыла зноў адкрыць шлях у Еўропу праз сваю тэрыторыю для сірыйскіх бежанцаў, калі не атрымае міжнародную падтрымку для фарміравання зоны бяспекі на поўначы Сірыі, піша bbc.com.
Кіраўнік дзяржавы Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што Турцыя мае патрэбу ў «лагістычнай падтрымцы» для стварэння зоны бяспекі ў Сірыі.
«Альбо гэта, альбо мы будзем вымушаныя адкрыць [шлях для мігрантаў]», — заявіў ён.
У Турцыі цяпер знаходзіцца больш за 3,6 млн сірыйцаў, уцекачоў ад грамадзянскай вайны. План стварэння для іх бяспечнай зоны ў Сірыі падтрымліваюць ЗША.
Да гэтай ініцыятывы, у сваю чаргу, ставяцца з насцярожанасцю сірыйскія курды, бо ў бяспечную зону на паўночным усходзе краіны плануецца перамясціць многіх сірыйцаў з іншых раёнаў.
Курдскія Атрады народнай самаабароны, якія Турцыя разглядае як тэрарыстычную арганізацыю, не хочуць дапускаць на гэтую тэрыторыю турэцкія сілы.
Амерыканскія ваенныя падтрымліваюць курдаў у процівагу баевікам групоўкі «Ісламская дзяржава», якая страціла кантроль над большасцю тэрыторый.
«Наша мэта складаецца ў вяртанні па меншай меры аднаго мільёна нашых сірыйскіх братоў у бяспечную зону, якую мы сфармуем уздоўж нашай мяжы, — заявіў у чацвер Эрдаган у Анкары. — Дайце нам лагістычную падтрымку, і мы зможам пабудаваць месца для размяшчэння людзей на 30 км углыб сірыйскай тэрыторыі на поўначы».
У адпаведнасці з пагадненнем з ЕС, падпісаным у 2016 годзе, Турцыя ўвяла строгі кантроль, каб не дапусціць сірыйскіх бежанцаў у Еўропу.
Па ўмовах дагавора Турцыя павінна была атрымаць ад Еўрасаюза 6 млрд еўра на размяшчэнне бежанцаў на сваёй тэрыторыі.
Эрдаган заяўляў, што пералічаныя былі ўсяго 3 млрд еўра, тады як афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Наташа Берта сцвярджала, што Турцыі былі вылучаныя 5,6 млрд еўра.
Пагадненне паміж Турцыяй і ЕС дазволіла аслабіць ціск на размешчаныя паблізу Турцыі грэчаскія выспы, якія былі перагружаны патокам бежанцаў у 2015 годзе.
Тым не менш, напружаная сітуацыя захоўваецца ў лагеры мігрантаў на востраве Лесбас. У сераду маладыя мігранты ўступілі там ў сутыкненні з паліцыяй.
Па дадзеных некамерцыйнай арганізацыі «Урачы без межаў», каля 24 тысяч уцекачоў, якія шукаюць прытулку ў Еўропе, апынуліся ў пастцы на грэцкіх выспах у жахлівых умовах.