БЕЛ Ł РУС

Мінчук разам са сваім катом ездзіць на працу і сплаўляецца на байдарках ФОТЫ

16.11.2019 / 9:43

Наталля Тур, фота з архіва героя

Часам у цэнтры Мінска можна назіраць карціну: малады чалавек едзе на ровары, а ў яго на спіне сядзіць калматая котка.

Котка абсалютна не баіцца хуткасці, а калі яе гаспадар ставіць ровар на велапаркоўку і ідзе па сваіх справах, котка без усякіх шлеек паслухмяна тэпае за ім.

Гаспадара смелай коткі завуць Максім Каралеўскі, ён дырэктар невялічкай айці-кампаніі.

Максім расказаў, што котку ўбачыў пяць гадоў таму на сайце «Эгіда».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Max Korolevsky (@korolevskymax)

«Не ведаю чаму, але яна мне адразу спадабалася. Магчыма, сваім фанабэрыстым выглядам, хаця па характары Поля, так завуць котку, аказалася ласкавай «мурчалкай», — расказвае Максім.

Што было ў жыцці Полі да знаёмства з Максімам, мужчына ведае няшмат. Вядома яму толькі тое, што валанцёры знайшлі яе ў парку Чалюскінцаў. Яна была вельмі худой. Што датычыцца ўзросту коткі, то валанцёры казалі, што ёй ад 1,5 да 3 гадоў.

«Я вяду дастаткова актыўны лад жыцця. Часта выбіраюся за горад. Хаджу ў паходы. Неяк раз вырашыў узяць з сабой Полю. І мяне вельмі здзівіла, што котка ні на крок ад мяне не адыходзіла», — прызнаецца Максім Каралеўскі.

Максім шкадаваў, што яго котка вымушаная цэлымі днямі сядзець дома і чакаць свайго гаспадара з працы.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Max Korolevsky (@korolevskymax)

«Я чытаў і зайздросціў допісам пра тое, што ў Еўропе можна прыходзіць на працу з жывёламі. І пачаў думаць пра тое, як бы самому такое пракруціць. Паспрабаваць сацыялізаваць Полю. Шукаў заплечнік-пераноску, каб катацца на ровары, падрыхтоўваў маральна калегаў. А потым пазнаёміўся з адной выдатнай дзяўчынай, якая паказала мне, што трэба рызыкнуць. Яна расказала, што да іх у офіс прыходзіць лабрадор, і ўсе яго вельмі любяць. Вось так мы пачалі катацца на маю працу, я знайшоў і купіў ёй заплечнік-пераноску, хадзіў з ёй пасля працы ў парк, катаўся на Мінскае мора на ровары, а летам Поля паказала мне, што на плячах у мяне ёй значна камфортней знаходзіцца, чым у заплечніку, з тых часоў так і катаемся, але вельмі акуратна», — расказвае Максім.

Але на гарадскіх велапрагулках гэтыя сябры не спыніліся, і гэтым летам Максім узяў з сабой Полю сплаўляцца на байдарках.

«А тыдзень таму ў нас с Поляй з’явіўся яшчэ адзін сябар — хаскі Осцін. Поля пакуль з ім не сябруе, але я ўпэўнены, што любоў да актыўнага ладу жыцця нас аб’яднае», — кажа Максім.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула